Расійская акадэмія мастацтваў і Навукова-даследчы інстытут тэорыі і гісторыі выяўленчых мастацтваў РАМ арганізавалі Міжнародную навуковую канферэнцыю “Пейзаж у рускім мастацтве другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзя. Эвалюцыя жанру”, якая адбылася 16–17 мая 2022 года ў сценах Расійскай акадэміі мастацтваў. Канферэнцыя была прымеркавана да 150-годдзя з дня нараджэння В. К. Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957). Актуальнасць дадзенага навуковага мерапрыемства абумоўлена як фундаментальнай праблематыкай тэмы, прапанаванай да даследавання, так і правядзеннем у залах Расійскай акадэміі мастацтваў персанальнай выставы майстра, ініцыіраванай Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
На пленарным пасяджэнні канферэнцыі з прывітальным словам выступіў Пракапцоў Уладзімір Іванавіч, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Удзел у канферэнцыі прынялі беларускія вучоныя з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Строгіна Святлана Вікенцьеўна, загадчык філіяла “Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве”, з дакладам “Музейная і выставачная прэзентацыя творчасці В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў кантэксце эвалюцыі пейзажнага жанру” і Лісай Юлія Уладзіміраўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва, з дакладам “Паўночныя пейзажы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі: праблемы атрыбуцыі твораў”.
17 мая ў Галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі Расійскай акадэміі мастацтваў адбылося адкрыццё выставы “Вітольд Бялыніцкі-Біруля”. На выставе было прадстаўлена 60 жывапісных твораў з калекцыі музея, а таксама 6 твораў з калекцыі Хімкінскай карціннай галерэі імя С. М. Горшына. На ўрачыстым адкрыцці з прывітальным словам выступілі акадэмік В. Р. Калінін, які зачытаў прывітальнае слова ад Зураба Цэрэтэлі, генеральны дырэктар НММ РБ У. І. Пракапцоў, які зачытаў прывітальнае слова Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Маркевіча А. М., дырэктар Хімкінскай карціннай галерэі імя С. М. Горшына М. У. Самбур, куратар выставы Ю. У. Лісай, дырэктар НДІ тэорыі і гісторыі выяўленчага мастацтва Н. В. Талстая.
Падчас урачыстага адкрыцця выставы адбылася цырымонія афіцыйнага гашэння дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Беларусі і Расіі, прысвечаных 150-годдзю з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.
Выстава працягнецца да 26 чэрвеня 2022 года.