Уладзімір Кожух. Жывапіс

Уладзімір Кожух. Жывапіс

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

8 лютага 2024 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставы “Уладзімір Кожух. Жывапіс”.

Уладзімір Уладзіміравіч Кожух (1953–2017) – яркі прадстаўнік пакалення мастакоў, якія прыйшлі ў прафесію ў 1970–1980-х гадах і імкнуліся вырвацца за рамкі рэалізму, які ўмацаваўся ў жывапісе таго часу. Мастак прысвячаў свой творчы шлях пошукам новых форм выяўлення свайго светаадчування.

На выставе будуць прадстаўлены каля 40 жывапісных работ У. Кожуха 1980-х–2010-х гадоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і збору сям’і аўтара. Наведвальнік мае магчымасць прасачыць, як змянялася манера мастака ад ранняй творчасці, у якой адчуваецца ўплыў суровага стылю жывапісу 1960–1970-х гадоў, да позніх работ, якія часта характарызуюцца мастацтвазнаўцамі як “этнамадэрн”, семантыка якіх бярэ пачатак у архаіцы, беларускім народным і сакральным мастацтве. Тэматыка твораў Уладзіміра Кожуха дае ўяўленне аб тым, наколькі шырокае кола пытанняў хвалявала майстра на працягу творчага шляху: сацыяльныя праблемы, тэма вайны, беларускія культурныя традыцыі, народныя святы, міфалагічныя матывы, хрысціянства, беларускі пейзаж, вобраз жанчыны.

Уладзімір Уладзіміравіч Кожух нарадзіўся 7 сакавіка 1953 года ў Драгічыне Брэсцкай вобласці. У 1978 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, у 1983 годзе – творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР у г. Мінску пад кіраўніцтвам М. А. Савіцкага. З 1981 года актыўна ўдзельнічаў у выставах у Беларусі і за яе межамі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2004).

Пакінуў гэты свет 6 ліпеня 2017 года.

Творы У. У. Кожуха знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.

Выстава працуе па 24 сакавіка 2024 года.

Куратары выставы – Мішчанка Мікалай Яўгенавіч, загадчык сектара па абслугоўванні выстаў выставачнага аддзела; Корзун Франц Валер’евіч, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень