Уладзімір Сямёнавіч Мурахвер належыць да той плеяды мастакоў, якія – кожны ў сваёй сферы – на доўгія гады вызначылі магістральныя шляхі развіцця нацыянальнай культуры.
У 1959 годзе, пасля заканчэння Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя Веры Мухінай, Уладзімір Мурахвер быў накіраваны на знакаміты шклозавод “Нёман”. Вытворчасць славілася даўнімі, яшчэ з ХІХ стагоддзя, традыцыямі шклаварэння і вопытнымі майстрамі-шкловыдзімальшчыкамі, гатовымі рэалізоўваць самыя смелыя ідэі. Менавіта з прыходам прафесійных мастакоў пачаўся росквіт мастацкага шкла ў Беларусі як самастойнага віду мастацтва з уласнымі выразнымі сродкамі. А гэта значыць, што на першы план выходзілі аўтарскі пачатак, індывідуальная эстэтычная канцэпцыя, эксперымент.
Вядома, ва ўмовах заводскай вытворчасці свабода творчасці не бязмежная. Тут не месца для “мастацтва дзеля мастацтва”, абсалютна адарванага ад рэальнасці. Мастаку даводзіцца думаць не толькі пра ўвасабленне сваіх арыгінальных ідэй, але і пра тыражаванне, масавы выраб прадукцыі па распрацаваных ім узорах – гэта значыць не толькі пра “ўзвышанае”, але і пра “зямное”. Аднак для такіх майстроў, як Уладзімір Мурахвер, гэта не кайданы, што паралізуюць, а выклік, які патрабуе асаблівых крэатыўных рашэнняў і дае дадатковы імпульс для творчага пошуку. Без сумнення, Уладзіміру Мурахверу ўдалося знайсці шчаслівую гарманічную раўнавагу паміж утылітарнай і дэкаратыўнай функцыямі шкла – здольнасць ператвараць прадметы ўжытку ў творы мастацтва.
Менавіта ён стаў адным з першых мастакоў-наватараў, якія змянілі беларускае шкларобства, інакш кажучы, здзейснілі ў ім рэвалюцыю. Уладзімір Мурахвер зыходзіў з самой прыроды матэрыялу, не скажаючы яе, а імкнучыся перадаць розны стан шкла, яго зменлівасць і пластычнасць, прадэманстраваць прыгажосць колеру і фактур, гульню святла, рух масы.
Асновай для першых эксперыментаў Уладзіміра Мурахвера стала традыцыйная старажытная гутная тэхніка, у якой майстар з дапамогай адмысловай трубкі выдзімае расплаўленую да тэмпературы больш за 1000 градусаў шкляную масу, надаючы ёй форму за кароткі час, пакуль яна не астыла, быццам бы ўтаймоўваючы вогненную “лаву”. Творчасць мастака ў тандэме са шкловыдзімальшчыкам, які ўвасабляе яго ідэі, утрымлівае элемент імправізацыі, і нямала выяўленчых рашэнняў прыйшло да Уладзіміра Мурахвера ў самім працэсе работы. Творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы, нясуць асаблівы эмацыянальны зарад, бо гэта ў літаральным сэнсе застылае імгненне, матэрыялізацыя чалавечага дыхання. А сваё захапленне працай шкловыдзімальшчыкаў, якая чымсьці падобная на чараўніцтва, магію, Уладзімір Мурахвер выказаў у мностве твораў са стылізаванымі выявамі гэтых майстроў, што нагадваюць часам музыкаў з мудрагелістымі духавымі інструментамі.
На працягу ўсяго жыцця Уладзімір Мурахвер шмат эксперыментаваў з рознымі тэхнікамі, бо творчасць мастака, які працуе са шклом, – гэта бесперапынны пошук не толькі новых вобразаў, але і наватарскіх прыёмаў, арыгінальных спосабаў аздаблення матэрыялу. Вядома ж, такія эксперыменты не былі для Уладзіміра Мурахвера самамэтай, а падпарадкоўваліся яго галоўнаму імкненню – жаданню стварыць прадмет, які не абмежаваны яго ўтылітарным прызначэннем, а ператвараецца ў арт-аб’ект.
Напрыклад, нават самыя традыцыйныя “посудныя” формы ў многіх творах гэтага мастака відазмяняюцца і становяцца антрапаморфнымі. Уладзімір Мурахвер “адгадвае” ў абрысах сасудаў для пітва чалавечыя фігуры і асобы. Людзі, анёлы, монстры – улюбёныя вобразы мастака.
Яшчэ адна важныя крыніца натхнення для Уладзіміра Мурахвера – прырода: жывёлы і птушкі, “раслінныя” фактуры і, вядома ж, натуральныя колеры (адценні зялёнага, сіняга, карычневага, чырвонага). Але якія б вобразы ні ўвасабляў у шкле гэты мастак, нават калі гэта фігуры людзей або жывёл, гэта не проста “рэалістычны” малюнак, а заўсёды нейкі знак, сімвал. Філасофскае разважанне, лірычны настрой, выказаны ў шкле, гратэск – здаецца, гэтаму мастаку падуладна ўсё.
Безумоўна, Уладзімір Мурахвер выпрацаваў свой пазнавальны аўтарскі почырк, стварыў уласны ўнікальны мастацкі свет. І разам з тым ён стаяў ля вытокаў фарміравання асаблівага стылю “нёманскага” шкла, быў адным з тых мастакоў, чые работы, створаныя на “Нёмане”, сталі вядомымі і шануемымі далёка за межамі Беларусі, такім жа прадметам нацыянальнага гонару, як, напрыклад, муранскае шкло ў Італіі або багемскі хрусталь у Чэхіі.
Уладзімір Мурахвер нарадзіўся ў горадзе Ананьеве, Адэская вобласць, Украіна.
- 1952 – скончыў Ташкенцкае мастацкае вучылішча.
- 1959 – скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.І. Мухінай па спецыяльнасці «мастацкая кераміка, мастацкая апрацоўка шкла”.
- 1959–2000 – працаваў на шклозаводзе “Нёман”, горад Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1966 па 1973 – на пасадзе галоўнага мастака.
- З 1960 – удзельнік мастацкіх выстаў. Узнагароджаны залатымі, сярэбранымі, бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, сярэбраным медалём Акадэміі мастацтваў СССР, медалём “Яблынец-79” і іншымі.
- 1990 – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.
Творы Уладзіміра Мурахвера знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным Рускім музеі ў г. Санкт-Пецярбургу (Расія), Дзяржаўным музеі керамікі ў г. Кускова (Расія), Музеі шкла г. Эбельтофт (Данія), а таксама ў іншых беларускіх і замежных музеях і прыватных калекцыях.