Вобраз Радзімы ў творах беларускіх мастакоў XVIII–XXI стст.

Вобраз Радзімы ў творах беларускіх мастакоў  XVIII–XXI стст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

23 лютага 2023 года а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (выставачны корпус, вул. К. Маркса, 24) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта “Вобраз Радзімы ў творах беларускіх мастакоў XVIII–XXI стст.”.

Выставачны праект рэалізаваны пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі і ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння.

Прадстаўленыя на выставе творы жывапісу, графікі і скульптуры, выкананыя беларускімі мастакамі XVIII–XXI стст., закліканы паказаць вобраз роднай зямлі шматпланавым як у часе і тэмах, так і ў мастацкіх напрамках.

Значнае месца ў выставачным праекце адведзена пейзажнаму жанру, бо вобраз Радзімы ў большасці жывапісцаў устойліва асацыіруецца з апяваннем беларускай прыроды. Пейзажны жанр мае даўнюю гісторыю ў беларускім жывапісе і графіцы. Ужо ў творах іканапісу і кніжнай гравюры пачатку XVIII стагоддзя мы бачым яго элементы. Так, на выставе дэманструюцца абразы, у кампазіцыі якіх уведзены элементы пейзажа.

Пейзажны жывапіс Беларусі канца XIX стагоддзя прадстаўлены імёнамі Ф. Рушчыца, А. Гараўскага, С. Жукоўскага, В. Бялыніцкага-Бірулі. Мастакі распрацоўвалі від пейзажа, дзе галоўнай задачай з’яўляецца лірычнае адлюстраванне характэрнага матыву роднай прыроды. У іх творчасці вялікае месца займае пейзажны эцюд ці пейзаж, напісаны непасрэдна з натуры. Традыцыі гэтых майстроў працягваў Юдэль Пэн з яго характэрнымі выявамі Віцебска і гарадскіх ускраін.

У ХХ–ХХI стагоддзях да тэмы радзімы ў пейзажным жывапісе звярталіся многія беларускія мастакі. Для іх твораў характэрна злучэнне лірычнага пачатку і эпічны ахоп свету. Жывапісцам было важна, грунтуючыся на канкрэтнай мясцовасці, якая станавілася аб’ектам адлюстравання, стварыць абагульнены эпічнывобраз роднага края (А. Тычына, А. Астаповіч, А. Волкаў, Л. Лейтман, В. Волкаў, В. Цвірка, В. Грамыка, П. Масленікаў, Г. Вашчанка, Д. Алейнік і інш.).

Вобраз Радзімы, роднага края стаў адным з галоўных матываў у творчасці беларускіх мастакоў розных пакаленняў і мастацкіх традыцый, асабліва ў ХХ–ХХI стст. у плане гістарычнай памяці тых мясцін, якія звязаны з гераічным мінулым нашага народа. Калекцыя беларускага мастацтва XVIII–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – яркае таму пацвярджэнне. Многія жывапісцы, графікі, скульптары на працягу некалькіх стагоддзяў звароту да гэтай тэмы ўнеслі важны ўклад у фарміраванне мастацкага аблічча нашай Радзімы ў выяўленчым мастацтве.

У рамках выставы намечана правядзенне шэрага мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння: канцэрты, майстар-класы з дзецьмі, куратарскія экскурсіі, лекцыі, работа са СМІ.

Гэтую выставу з аўтарскімі экскурсіямі і інтэрактыўнымі мерапрыемствамі на працягу года плануецца паказаць і ў рэгіянальных музеях нашай краіны.

 

 

Куратар – Любоў Сысоева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Выстава будзе працаваць 
да 21 мая 2023 года

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30