У год святкавання 85-гадовага юбілею Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў падарунак – маштабны перасоўны выставачны праект, прысвечаны народным мастакам Беларусі, сярод якіх ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
Прэм’ерная прэзентацыя праекта адбылася ў Мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах – горадзе, які ў 2024 годзе атрымаў статус “Культурная сталіца года”. Прадстаўлены ў Год якасці, такі праект дае ўнікальную магчымасць пазнаёміцца па-за межамі галоўнай арт-пляцоўкі краіны з творчасцю мастакоў, творы якіх па праве лічацца класікай і эталонам беларускага выяўленчага мастацтва ХХ – пачатку ХХІ ст. Да канца года праект змогуць ацаніць жыхары Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, што стане знакавай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі.
Да выставы падабраны творы найбольш характэрныя для эпохі і значныя для кожнага народнага мастака БССР і Рэспублікі Беларусь, а менавіта – Заіра Ісакавіча Азгура, Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, Анатоля Васільевіча Бараноўскага, Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі, Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі, Валянціна Віктаравіча Волкава, Віктара Аляксандравіча Грамыкі, Льва Мікалаевіча Гумілеўскага, Мая Вольфавіча Данцыга, Яўгена Аляксеевіча Зайцава, Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча, Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі, Раісы Уладзіміраўны Кудрэвіч, Паўла Васільевіча Масленікава, Івана Якімавіча Міско, Георгія Георгіевіча Паплаўскага, Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, Уладзіміра Іванавіча Стэльмашонка, Віталя Канстанцінавіча Цвіркі, Васіля Пятровіча Шаранговіча, Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва.
Ганаровае званне “Народны мастак Беларусі” (з 1944 да 1991 – “Народны мастак БССР”) прысвойваецца выбітным мастакам, якія стварылі выдатныя творы жывапісу, скульптуры, графікі, манументальнага, дэкаратыўна-прыкладнога, тэатральнага, кіна- і тэлемастацтва, унеслі значны ўклад у айчынную культуру і атрымалі шырокае грамадскае прызнанне. Званне прысвойваецца не раней за пяць гадоў пасля атрымання ганаровага звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”. Упершыню звання “Народны мастак БССР” быў удастоены скульптар Заір Ісакавіч Азгур у 1944 годзе.
Ганаровае званне народнага прысвоена мастакам, чыя творчасць складае “залаты фонд” выяўленчага мастацтва Беларусі. Звяртаючыся да творчай біяграфіі кожнага з іх, можна прасачыць асноўныя этапы развіцця беларускага мастацтва, яго стылістычныя змены. Тэмы і вобразы іх твораў складаюць маляўнічую палітру жыцця эпохі ў яе шматграннай праяве.
Куратары выставы – Святлана Васільеўна Кот, загадчыца аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Анастасія Алегаўна Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.