Выстава “…На гонар і на хвалу Госпаду Богу…”. Датаваныя і падпісныя творы сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст."

Выстава “…На гонар і на хвалу Госпаду Богу…”. Датаваныя і падпісныя творы сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст."
1 снежня 2023 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (корпус па вул. К. Маркса, 24) адбудзецца адкрыццё выставы “…На гонар і на хвалу Госпаду Богу…”. Датаваныя і падпісныя творы сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст.»

Збор сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст. у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – адзін з найбуйнейшых у краіне. У яго складзе – абразы, алтарны жывапіс і скульптура, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі. Як вядома, асаблівасцю сакральнага жывапісу з’яўляецца яго ананімнасць, бо іканапісец не лічыў сябе стваральнікам твора – ён толькі выконваў волю Бога. Большая частка абразоў не мае ні подпісу аўтара, ні даты стварэння. Імёны некаторых іканапісцаў вядомыя толькі па пісьмовых крыніцах, падпісных жа прац налічваюцца адзінкі. 

Цяжка пераацаніць значнасць пошуку датаваных твораў у любым жанры выяўленчага мастацтва, асабліва важная гэта інфармацыя для аб’ектаў, створаных некалькі стагоддзяў таму. Стылістычныя і тэхніка-тэхналагічныя даныя датаванага твора дазваляюць стварыць групу блізкіх яму прадметаў, размясціць іх у пэўнай паслядоўнасці, пабудаваць эвалюцыю развіцця гісторыі мастацтва. Акрамя знаходжання даты, ёсць сведчанні аб уладальніках прадметаў, іх прызначэнні, геаграфічнай прывязцы, што дазваляе скласці “біяграфію” твора, уключыць яго ў агульны працэс гісторыі і культуры адпаведнага рэгіёна і часу.

На выставе прадстаўлены творы іканапісу, алтарнага жывапісу, мастацкага металу, рукапісныя кнігі. Самы ранні з іх – Евангелле, на апошнім рукапісным аркушы якога зафіксаваны год перапіскі з больш ранняга ўзору – 1568, і маецца запіс скорапісам Міхаіла (Міхея) Борзабагатага. 

Падпісныя і датаваныя творы жывапісу XVI–XIX стст. з аўтарскімі і гістарычнымі надпісамі – рэдкія і ўнікальныя помнікі. У зборы музея іх выяўлена крыху больш за 80. Самыя раннія абразы з датамі адносяцца да першай паловы XVII ст., іх распаўсюджванне даследчыкі звязваюць як з ростам асобаснага пачатку іканапісца Новага часу, так і важнасцю замовы. Найбольшая колькасць падпісных абразоў адносіцца да XVIII–ХIХ стагоддзяў: Маці Божая Адзігітрыя. 1718 г.; Цуд Георгія аб змеі. 1736 г.; Сабор архангела Міхаіла. 1743 г.; Маці Божая з дзіцем. 1750 г. і г. д. Надпісы размешчаны як на вонкавым баку абразоў, так і на адваротах (Манаграміст A.W. Маці Божая Адзігітрыя. 1750; Ян Вышынскі (?). Маці Божая Міласэрнасць. 1792(?). Сутнасць тэкстаў разнастайная. Сустракаюцца ўкладныя надпісы з указаннем імя фундатара або іканапісца, ёсць звесткі аб панаўленнях. Дзякуючы гэтаму іконы становяцца важным гістарычным дакументам эпохі. Дата ўкладання абраза ў храм магла быць прымеркавана да аднаго са святаў царкоўнага календара. Падпісвалі, у першую чаргу, буйныя абразы, якія стаялі навідавоку – на клірасе або ў складзе мясцовага шэрага іканастаса, у тым ліку храмавыя абразы.

Надпісы могуць быць кароткімі і даволі падрабязнымі. У XVIII стагоддзі змест іх становіцца больш інфарматыўным: у іх зафіксаваны не толькі імёны іканапісцаў, чыёй “працай” створаны абразы, але таксама заказчыкаў, чыім “радзеннем” мы абавязаны з’яўленню вобраза пэндзля аўтара (Васіль Маркіянавіч. (1730–?). “Дэісус” 1758, “Тройца Старазапаветная” 1761). Такія творы вельмі важныя: кожнае новае імя ці яшчэ адна праца ўжо вядомага майстра робяць больш поўнай і цэласнай карціну развіцця беларускай мастацкай культуры. У большасці выпадкаў у подпісе пазначана і дата стварэння твора, што дазваляе спецыялістам і экспертам лепш зразумець логіку мастацкіх працэсаў, якія адбываліся ў беларускім іканапісе XVII–XIX стст.

Асобны комплекс выставы прадстаўляюць іконы святочнага рада іканастаса Свята-Мікалаеўскай царквы г. Петрыкава Гомельскай вобласці. Яны былі створаны ў 1838 г. да часу ўзвядзення царквы, пабудаванай на месцы драўлянай, якая згарэла падчас навальніцы ў 1772 годзе. Адбудавана на сродкі прыхаджан і купцоў Кебеца, Маргуна, Караля, Карульскага (пра што сведчыць надпіс на тыльным баку абраза “Тайная вячэра”).

Выстава дэманструе і прадметы мастацкага ліцця XVII–XIX стст., прызначаныя для адпраўлення культу ў касцёлах і цэрквах: келіхі, алтарныя крыжы, даразахавальніца, на якіх можна ўбачыць даты іх стварэння і іншыя суправаджальныя надпісы.

Усяго на выставе паказана 37 падпісных і датаваных твораў сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст., 15 з якіх, адрэстаўраваных спецыялістамі ў рэстаўрацыйных майстэрнях НММ РБ, экспануюцца ўпершыню.

Куратар выставы – Сысоева Любоў Львоўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Чытаць далей

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • 223054, Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні