На выставе будуць прадстаўлены творы 1940 – пачатку 1950-х беларускіх мастакоў Л. Зевіна, В. Цвіркі, І. Ахрэмчыка, М. Дучыца, М. Данцыга, В. Волкава і іншых.
Творы беларускага мастацтва 1940-х гадоў спалучылі ў сабе дакументальнасць і дакладнасць з вобласцю асабістых перажыванняў, адчуванняў і ўспамінаў, пачуццяў і эмоцый. Партрэты артыстаў, якія прымалі ўдзел у франтавых канцэртах, эцюды, ваенныя замалёўкі, малюнак з натуры – гэтыя дакументы эпохі ўяўляюць асаблівую мастацкую каштоўнасць, паказваюць эвалюцыю творчасці многіх беларускіх мастакоў, якія з першых дзён вайны пайшлі на фронт і ў партызанскія атрады.
Звязаныя з вайной змены ўмоў жыцця адбіліся і на самім характары выяўленчага мастацтва. У прыярытэце апынуліся аператыўныя віды мастацтва, перш за ўсё, графіка малых форм – гэткага выяўленчага рэпартажу з месца ваенных падзей. Адмысловую ролю набывае “партрэтная франтавая замалёўка”, калі выявы вайскоўцаў ствараліся не пасля бітваў, а непасрэдна на перадавой паміж баямі: у партызанскіх пунктах, медсанбатах і т.д.
Адной з цэнтральных тэм у мастацтве ваенных гадоў з'яўляецца тэма горада. Тыя нямногія, якія дайшлі да нас, працы, што перадаюць атмасферу Мінска ваеннага часу – мастацкія дакументы вялізнай сілы. Ключавое значэнне для гісторыі гарадскога пейзажу гэтага перыяду маюць работы Мікалая Дучыца. Мастак адным з першых бярэцца за аловак і адлюстроўвае акупаваны і пасляваенны горад з яго пустэльнымі вуліцамі і нейкім неўласцівым здранцвеннем.
Акрамя твораў 1940-х гадоў асобную частку экспазіцыі складуць творы ранняга пасляваеннага перыяду, якія расказваюць пра дні вызвалення г. Мінска і адраджэнне краіны пасля Вялікай Айчыннай вайны.