Віталь Цвірка звяртаўся да шматлікіх жанраў: інтэр’ер, партрэт, сюжэтна-тэматычная карціна, нацюрморт, але безумоўным фаварытам у яго творчасці стаў пейзаж, дзе мастак раскрыў сябе па-сапраўднаму ярка, магутна і ўсебакова. Панарамнасць кампазіцыі, свабодная жывапісная манера пісьма, шырокі, тэмпераментны мазок, насычанасць колеравай палітры, кантрастнасць – асноўныя рысы, уласцівыя яго работам у жанры пейзажа. Мастак перадае някідкую прыгажосць беларускай прыроды, напаўняючы простыя матывы то лірыка-паэтычным гучаннем, то надзяляючы багатырскай моцай быліннага эпасу, а нярэдка і злучаючы іх – камернасць і эпічнасць – у адзіным палатне-гімне роднай зямлі.
Мастак вёў вельмі актыўную выставачную дзейнасць у Беларусі і за яе межамі. Быў удастоены ганаровых званняў “Народны мастак БССР” (1963), “Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР” (1967), узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў і медалём Францыска Скарыны.
Творы Віталя Канстанцінавіча Цвіркі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўчых музеях Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, прыватных калекцыях.
Падрабязней