Выстава “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”

Выстава “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”
18 снежня 2021 года ў новым выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па адрасе К. Маркса, 24 адбудзецца адкрыццё выставы “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”.
Рэкламная выява выставы

На ёй прадстаўлены творы старажытнабеларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва XVII–XX стст. са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі рэстаўрацыю за 2010–2021 гг.

Прыярытэтнай з’яўляецца работа па адраджэнні помнікаў беларускага іканапісу, алтарнага жывапісу, скульптуры і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтыя творы, дастаўленыя ў музейныя сховішчы з экспедыцый, як правіла, знаходзіліся ў цяжкім стане захаванасці, бо былі зняты з гарышчаў храмаў, закінутых званіц, сутарэнняў касцёлаў. Прайшоўшы пачатковую кансервацыю, многія з іх гадамі чакалі сваёй чаргі на паўнацэнную рэстаўрацыю.

Самы ранні з паказаных на выстаўцы твораў “Анёл з лірай” датаваныпа часе афармлення інтэр’ера касцёла Дабравешчання ордэна святой Брыгіты ў Гродне 1642–1649 гг., дзе ўпрыгожваў парапет балкона для аргана. Яго драўляная аснова была расколата на часткі, страчана абрамленне, жывапіс пашкоджаны. Намаганнямі рэстаўратараў пано набыло экспазіцыйны стан.

Нярэдка выяўленыя ў храмах абразы мелі патрэбу ва ўмацаванні фарбавага слоя неадкладна, да транспарціроўкі. Так, абраз “Пакроў” XVIII ст. з Холхлава Мінскай вобласці быў заклеены падчас экспедыцыі мікалентнай паперай. Стан твора ў той момант не дазволіў супрацоўнікам музея вызначыць сюжэт абраза да пачатку рэстаўрацыі. Нягледзячы на вялікі працэнт страт, на падставе раскрытых фрагментаў можна сцвярджаць, што музейная калекцыя набыла твор высокага мастацкага ўзроўню.

У экспазіцыі прадстаўлены арнаты, у якіх выкарыстаны фрагменты паясоў Радзівілаўскай мануфактуры, што дзейнічала пад кіраўніцтвам Яна і Лявона Маджарскіх у XVIII – пачатку XIX ст. Спецыялістамі сектара рэстаўрацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва была праведзена каласальная работа па іх аднаўленні.

У калекцыі еўрапейскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прадстаўлены творы розных еўрапейскіх школ, стыляў і напрамкаў, што, безумоўна, улічваецца пры правядзенні рэстаўрацыйных работ. Сярод адроджаных твораў асаблівай увагі заслугоўваюць “Юдзіф і Алаферн”, датаваны канцом 1740–1750-х гг., нямецкага прыдворнага мастака князя-біскупа герцага Іагана Тэадора Баварскага (1703–1763) Іаганэса (Іагана) Цыка, а таксама “Менуэт у парку” аднаго з выбітных нямецкіх мастакоў XVIII ст. Даніэля Хадавецкага (1726–1801).

Пасля шматгадовай карпатлівай рэстаўрацыі на выстаўцы экспануецца малюнак “Пакланенне пастухоў” невядомага мастака XVII ст., як мяркуецца, фламандскай школы – адзін з найбольш ранніх помнікаў арыгінальнай графікі еўрапейскіх майстроў у музейнай калекцыі.

Гонарам збору музея з’яўляюцца калекцыі “Рускі жывапіс” і “Руская графіка” XVIII – сярэдзіны ХХ ст. Складаныя рэстаўрацыйныя працэсы прайшоў “Партрэт князя С. В. Гагарына” пэндзля невядомага мастака XVIII ст. Твораў рускіх мастакоў XVIII ст. у калекцыі музея не вельмі многа, таму ўказаны партрэт з’яўляецца адным з каштоўных экспанатаў. Рэстаўрыраваліся творы жывапісу і графікі XIX ст.: работы І. І. Айвазоўскага, У. Я. Макоўскага, І. П. Пранішнікава, А. І. Іванова (Галубога), Р. Ф. Фрэнца, Ф. А. Рубо, А. І. Мяшчэрскага.

Цяпер сваёй чаргі на рэстаўрацыю чакаюць яшчэ некалькі дзясяткаў твораў беларускага іканапісу і паліхромнай скульптуры, еўрапейскага і рускага жывапісу, графікі, скульптуры. Планамернае правядзенне рэстаўрацыйных работ дасць магчымасць увесці ў навуковы і экспазіцыйны ўжытак шэраг унікальных твораў нацыянальнага і замежнага мастацтва.

Выстава будзе працаваць да 13 лютага 2022 г.

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30