Меркурый з жалейкаю (Меркурый-Аргусазабойца)
- 1843
- Мастацтва краін Еўропы XVI — XX стст.
- Скульптура
- Мармур (Італьянская школа)
У 1939 годзе з Гомельскага краязнаўчага музея ў нядаўна арганізаваную ў Мінску Дзяржаўную карцінную галерэю была перададзена вялікая мармуровая скульптура “Меркурый з жалейкай”, або “Меркурый-Аргусазабойца”. Статуя паказвае старажытнарымскага бога Меркурыя – вешчуна багоў, правадніка душ памерлых у падземнае царства Аіда, апекуна гандлю – і адсылае нас да “Метамарфозаў” Авідзія (2:708-832), дзе апавядаецца пра тое, як аднойчы Юпітэр, захапіўшыся прыгажосцю Іо, пад покрывам цёмнага воблака спусціўся да яе з Алімпа. Ратуючы дзяўчыну ад рэўнасці сваёй жонкі Юноны, Юпітэр ператварыў Іо ў беласнежную карову. Убачыўшы прыгожую жывёлу і западозрыўшы падман, Юнона ўпрасіла Юпітэра падарыць ёй карову. Завалодаўшы Іо, багіня адразу ж даручыла ставокаму велікану Аргусу ахоўваць яе. Юпітэр загадаў Меркурыю вызваліць Іо. Салодкімі прамовамі і майстэрскай гульнёй на жалейцы Меркурый усыпіў Аргуса і адсек яму галаву.
Гісторыя бытавання гэтага твора поўная загадак і, на жаль, прасочваецца толькі фрагментарна. Да паступлення ў Дзяржаўную карцінную галерэю статуя знаходзілася ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў. Не выклікае ніякіх сумненняў яе прыналежнасць да калекцыі твораў мастацтва, сабранай графам Іванам Фёдаравічам Паскевічам (1785–1856) і яго сынам Фёдарам Іванавічам Паскевічам (1823–1903). Аб гэтым сведчаць запісы ў вопісах твораў мастацтва, якія захоўваліся ў гомельскім палацы і, у прыватнасці, у Вопісах 1891, 1910, 1923–1930 і 1930-х гадоў. Апісанне 1923–1930 гадоў з’яўляецца адзінай на дадзены момант згадкай пра паходжанне гэтай скульптуры ў калекцыі гомельскага палаца. Яна паведамляе: “пісьмовых дакументаў няма, вусна перадаецца”, гэтая скульптура была набыта графам Ф. І. Паскевічам у Італіі.
Статуя з’яўляецца свабоднай копіяй з арыгінала вядомага дацкага скульптара Бертэля Торвальдсена (1768–1844), які захоўваецца ў Музеі Торвальдсена ў Капенгагене (1818, мармур, вышыня 174,5 см, інв. № A873). За права валодаць творамі гэтага славутага майстра ў XIX стагоддзі змагаліся не толькі многія калекцыянеры, але і самі еўрапейскія гасудары. Яго скульптура “Меркурый з жалейкай” 1818 года набыла асаблівую папулярнасць сярод любіцеляў мастацтва. Гэта прымусіла самога скульптара выканаць шэраг аўтарскіх паўтарэнняў (напрыклад, кампазіцыю 1829 года, што ўваходзіць у калекцыю Нацыянальнага музея ў Кракаве), а таксама парадзіла цэлы шэраг копій, якія, за немагчымасцю валодаць арыгіналам, ахвотна набываліся для сваіх калекцый еўрапейскімі збіральнікамі. Менавіта да ліку апошніх і адносіцца кампазіцыя з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
На пастаменце скульптуры з тыльнага боку захаваўся надпіс у два радкі, які добра чытаецца: Giuseppe Del Nero / scolpi in Carrara 1843, якая паведамляе імя, дату і месца стварэння статуі. Як вядома, Карара была адным з найбуйнейшых мармураздабыўных рэгіёнаў Італіі, а з моманту заснавання тут у 1769 годзе Акадэміі мастацтваў, і адным з найважнейшых італьянскіх цэнтраў скульптуры. У XIX стагоддзі Карара была месцам, дзе размяшчаліся шматлікія скульптурныя майстэрні, у якіх працавалі як мясцовыя майстры, так і прыезджыя скульптары, што выкарыстоўвалі магчымасць набываць тут мармур без гандлёвых нацэнак на транспартаванне.
Джузэпэ дэль Нера нарадзіўся каля 1780 года ў Карара і, паводле архіўных звестак, вучыўся ў канцы XVIII стагоддзя ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Карара. Пазней, у першай дэкадзе XIX стагоддзя, ён працягнуў сваё навучанне мастацтву скульптуры ў Рыме ў Акадэміі святога Лукі, дзе ў сакавіку 1810 года выйграў конкурс, выканаўшы скульптурны малюнак аголенай мадэлі. У маі 1821 года Джузэпэ дэль Нера вярнуўся ў Карара і прыступіў да працы ў мясцовай Акадэміі, атрымаўшы тытул прафесара. У ліпені таго ж года ён быў прапанаваны акадэмічным сходам на месца акадэміка. Скульптар уваходзіў у склад акадэмічнага сходу да канца 1850-х гадоў, калі ў сценах Акадэміі ўзнікла канфліктная сітуацыя, у выніку чаго Джузэпэ дэль Нера быў пазбаўлены права выкладання ў ёй. Можна меркаваць, што скульптар памёр пасля 1860 года, будучы сталым і прызнаным майстрам.
Кампазіцыя “Меркурый з жалейкай” была выканана ў позні перыяд творчасці Джузэпэ дэль Нера. Гэтым і тлумачыцца тое тэхнічнае майстэрства, з якім выканана гэтая скульптура. Твораў аўтара захавалася няшмат – у калекцыі Нацыянальнага музея святога Марціна ў Неапалі захоўваюцца мармуровыя бюсты: “Партрэт Францыска I Бурбона”, “Партрэт Марыі Ізабелы, жонкі Францыска I” і “Партрэт Марыі Тэрэзы Аўстрыйскай, супругі Фердынанда II Бурбона” якія былі выкананы дэль Нера каля 1825 года. Джузэпэ дэль Нера стаў аўтарам рэльефа для пастамента помніка Марыі Беатрычэ д’Эстэ П’етра Фантана (1782–1857), усталяванага ў 1824 годзе на плошчы Альберыка ў Карара. Такім чынам, мы можам казаць пра Джузэпэ дэль Нера як пра партрэтыста і аўтара алегарычных кампазіцый. Наяўнасць скульптуры “Меркурый з жалейкай” у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь дазваляе меркаваць аб ім яшчэ і як аб таленавітым капіісце.
220030, Мінск
вул. Леніна, 20
панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля
з 11:00 да 19:00
чацвер
з 13:00 да 21:00
Каса і Музейная крама
панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля
з 11:00 да 18:30
чацвер
з 13:00 да 20:30
220030, Мінск
вул. Інтэрнацыянальная, 33А
аўторак - пятніца:
з 11:00 да 19:00
субота
з 10:00 да 18:00
нядзеля - панядзелак:
выходныя дні
223054, Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
вул. Іванаўская, 17Б
серада - нядзеля
з 10:00 да 17:00
Каса
з 10:00 да 16:30
панядзелак - аўторак
выходныя дні
212030, Магілёў
вул. Ленінская, 37
серада - нядзеля:
з 10:00 да 18:00
панядзелак - аўторак:
выходныя дні