Доўгі час “Нацюрморт з кветкамі і матылькамі” прыпісваўся пэндзлю невядомага галандскага мастака XVII стагоддзя. У ходзе рэстаўрацыйных работ у правым ніжнім куце карціны, на адлюстраванні каменнай пліты, якая служыць пастаментам для шкляной вазы з букетам кветак, была знойдзена частка подпісу: “Joh…”.

Вызначыць мастака, маючы ў распараджэнні толькі тры літары яго меркаванага імя, – задача не з лёгкіх. Відавочным было толькі тое, што гэтае імя павінна было “гучаць” альбо Johann, альбо Johannes. Хаця падобныя імёны былі вельмі папулярныя ў Галандыі, Германіі і Аўстрыі, першапачатковыя пошукі стылістычных аналогій да нацюрморта з калекцыі музея вяліся сярод мастакоў галандскай школы, як было заяўлена ў папярэдняй атрыбуцыі.

Аднак, нягледзячы на знешняе падабенства, мудрагелістыя кампазіцыі галандскіх мастакоў часцей за ўсё ўяўляюць сабой пышныя букеты ў керамічных вазах, упрыгожаных рэльефамі і ўсталяваных на мармуровых стальніцах, з абавязковым уключэннем у кампазіцыю разнастайных матылькоў, смаўжоў, жукоў і іншых насякомых. Кожны элемент такога нацюрморта, няхай гэта будзе насякомае ці кветка, некалі меў свой сімвалічны сэнс, але з часам ператварыўся проста ў даніну традыцыі. Віртуозная прапрацоўка дэталяў, ювелірная тонкасць пісьма, якое перадае найменшыя нюансы святла і колеру, эмалевы бляск фактуры, гранічная завершанасць, якія адрозніваюць манеру галандскіх майстроў, з аднаго боку, і нацюрморт з калекцыі музея, які не “дацягвае” да гэтага ўзроўню, – з другога, вымусілі ўспомніць пра імітацыйны жывапіс, які распаўсюдзіўся ў XVIII стагоддзі ў першую чаргу ў Германіі, краінах Паўночнай Еўропы, Чэхіі і інш. Узрослая цікавасць да калекцыяніравання карцін старога галандскага жывапісу ў гэты час прывяла да з’яўлення не толькі шматлікіх перайманняў, але і копій, і падробак. 

Сярод пераймальнікаў найбуйнейшым галандскім майстрам кветкавых нацюрмортаў нам удалося выявіць аўстрыйскага мастака Іагана Батыста Дрэхслера (1756–1811), які падпісваў свае працы Joh. Drechsler ƒ. Напісанне першых літар подпісу на эталонных творах жывапісца цалкам супадае па напісанні з наяўнымі на карціне з калекцыі музея. Характэрнае скарачэнне аўтарам свайго імя да першых трох літар і акцэнт на іх пераконваюць у тым, што подпіс на “Нацюрморце з кветкамі і матылькамі” належыць менавіта гэтаму венскаму майстру.

Іаган Батыст Дрэхслер вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Ёзафа Дрэхслера (працаваў у 1746–1804 гадах), мастака па фарфоры на Венскай мануфактуры. Узяўшы з яго прыклад, таленавіты Іаган Батыст ужо ў 16 гадоў быў прыняты мастаком на Венскую каралеўскую парцалянавую мануфактуру, дзе ён прапрацаваў да 1785 года. Праз два гады ён стаў прафесарам (1787), а затым і кіраўніком (1807) майстэрні Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Вене, якая рыхтуе мастакоў па фарфоры. Адным з першых Іаган Батыст Дрэхслер стаў упрыгожваць фарфор кветкавымі кампазіцыямі ў духу галандскіх кветкавых нацюрмортаў XVII–XVIII стагоддзяў. Гэтыя матывы атрымалі шырокае распаўсюджванне у XIX стагоддзі не толькі ў Вене, але і ў Майсене і іншых буйных цэнтрах фарфоравай вытворчасці. Акрамя роспісу па фарфоры, Дрэхслер спрабаваў сябе ў акварэлі і пісаў алеем.

У творчасці Іагана Батыста Дрэхслера злучыліся рысы рамантызму і аўстрыйскага бідэрмаера, які тады толькі зараждаўся і панаванне якога прыйшлося на 1815 – канец 1840-х гадоў. Зварот мастака да галандскага жывапісу залатога веку не быў выпадковым. Як некалі ў Галандыі, так зараз у Аўстрыі і Германіі бюргерства імкнулася стварыць утульнасць у сваіх дамах і ўпрыгожыць іх мастацкімі творамі, якія б адказвалі іх густу. Ізноў становяцца папулярнымі карціны невялікага фармату на немудрагелістыя сюжэты. Асаблівайай папулярнасцю ў эпоху бідэрмаера карыстаюцца нацюрморты з іх “выключнай цікавасцю і любоўю да прадметнага свету”. Блізкая мастакам бідэрмаера і скрупулёзная галандская манера пісьма, бо яны таксама імкнуцца выпісаць у найменшых падрабязнасцях усе дэталі так, «каб было “дакладна як у жыцці”».

Дрэхслер, засяродзіўшыся на кветкавых нацюрмортах, дасягнуў вялікіх поспехаў у сваім “пераймальніцтве” галандцам. Яго творы захоўваюцца ў найбуйнейшых музеях Еўропы і Расіі: Музеі Ліхтэнштэйн (Вена), Аўстрыйскай галерэі Бельведэр (Вена), Музеі выяўленчага мастацтва ў Лейпцыгу, Мюнхенскай Пінакатэцы, Нацыянальным музеі ў Варшаве, Музеі выяўленчага мастацтва ў Будапешце, Дзяржаўным Эрмітажы.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30