МІХАСЬ ЦЫБУЛЬСКІ “Луналі ў небе аблокі”

МІХАСЬ ЦЫБУЛЬСКІ “Луналі ў небе аблокі”

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

“Нябёсы... Цяжка знайсці ў прыродзе нешта роўнае ім па велічнасці, разнастайнасці, выразнасці і прыгажосці. У розны час у нябёсах можна сустрэць самую шырокую палітру колераў і светлавых інтанацый. Фарбы нябёсаў не бываюць аднолькавымі. Малюнкі ў небе не паўтараюцца ніколі.

Нябёсы – сімвал жыцця і бязмежнай свабоды! Неба нясе святло, падкрэслівае значнасць усяго, што мы адчуваем, літаральна нараджае веру і падтрымлівае яе. Далягляды гэтага паветранага акіяну клічаць нас увесь час. Можа быць, і не выпадкова мы “лётаем” у снах, і ўсё ўзвышанае, справядлівае і святое звязваем з небам.

Нябёсы – высокая паэзія Прыроды, то сентыментальна-лірычная, то вытанчана філасофская, то спакойная, то экспрэсіўная, але заўсёды арыгінальная і падкрэслена пачуццёвая. У большасці жываспісных твораў нябёсы ніколі не бываюць проста фонам. Гэта метафара ўсяго недасягальнага, своеасаблівы вобраз-сімвал не пазбаўлены сакральнага сэнсу.

Нябёсы – гэта калыска мастакоўскай фантазіі. Але пры тым гэта недасягальная дасканаласць і высокая ступень гармоніі. Мастак не можа не захапляццца тым, як цешацца нябёсы. Пад час працы на пленэры, у маўклівым дыялоге з краявідам адчуваеш сапраўдную еднасць з Сусветам.”

Міхась Цыбульскі, мастак

У абсалютнай большасці прадстаўленых у экспазіцыі твораў менавіта неба з’яўляецца галоўным кампазіцыйным і эмацыянальным цэнтрам. Мастак рэдка малюе ясны, статычны дзень – яго вабіць дынаміка аблокаў. Ландшафт мясцовасці або роўнядзь вадаёмаў часта займаюць толькі ніжнюю трэць карціны і служаць своеасаблівым “прызямленнем” для бурнай паветранай стыхіі, якая жыве сваім уласным жыццём.

Пейзажы мастака трансліруюць ідэю велічы і бязмежнасці прыроды, перад якімі глядач застаецца сам-насам. Гэта жывапіс вялікіх прастораў, подыху ветру і ўрачыстай цішыні. Факусіруючыся на перадачы зменлівых станаў прыроды і неба, Міхась Цыбульскі малюе форму буйнымі каляровымі плямамі.

Шырокія, пастозныя, амаль стыхійныя мазкі – гэта не толькі адметная манера пісьма мастака, але і неабходнасць: працуючы на вольным паветры, аўтар малюе вельмі хутка, каб зафіксаваць канкрэтны, імгненны стан неба, пакуль яно не змянілася.

Творчы метад мастака раскрываецца ў дыялогу дзвюх тэхнік – алею і гуашы. Алейны жывапіс заварожвае сваёй глыбінёй, шчыльнасцю і мяккім унутраным свячэннем. У супрацьвагу яму гуашавыя аркушы напоўнены імклівай дынамікай і лёгкасцю: яны ствараюцца імгненна, на адным дыханні.

У экспазіцыйнай практыцы Міхася Цыбульскага эцюд цалкам ураўнаваны ў правах са станковай карцінай. Аўтар знарок не “загладжвае” і толькі нязначна дапрацоўвае свае пленэрныя работы ў майстэрні, паколькі менавіта ў эцюдзе захоўваецца тая жывая шчырасць і сапраўдная драматургія моманту, якую немагчыма штучна ўзнавіць у цішыні студыі.

Святлана Кот, загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст.

Цыбульскі Міхась (10.07.1961, г. Віцебск) – мастацтвазнаўца, мастак-жывапісец, педагог. Кандыдат мастацтвазнаўства (1989), дацэнт (1992). Даследуе праблемы тэорыі і гісторыі мастацтва, пытанні паэтыкі і стылістыкі беларускага жывапісу XX–ХХІ стст. Член Беларускага саюза мастакоў (1999). Удзельнік абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выстаў, а таксама пленэраў. Галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва і культура”. Лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны” (2015; за рэалізацыю шэрагу куратарскіх праектаў і папулярызацыю творчасці прадстаўнікоў Віцебскай мастацкай школы).

Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М. Кірава (па спецыяльнасці “выяўленчае мастацтва, чарчэнне, працоўнае навучанне”, 1983), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1987), дактарантуру (там жа, 2004).

Працуе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава: з 1988 года – на розных пасадах, з 2025 – прафесар кафедры выяўленчага мастацтва.

іншыя выставы
Крыху пяшчоты
Крыху пяшчоты

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік
Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік

Музей Дом Ваньковічаў

Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае
Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

З любоўю ў сэрцы
З любоўю ў сэрцы

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь