Чыстае Мастацтва

Чыстае Мастацтва

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 24 сакавіка 2023 года ў Нацыянальным мастацкім музеі пачне працаваць выставачны праект “Чыстае мастацтва”. Гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мастакоў, якія жывуць у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў № 2 горада Мінска. Гэтыя людзі – творцы ад душы і для душы. Іх працы здаюцца наіўнымі, часам крыху дзіўнымі і ў той жа час цікавымі і прыцягальнымі.

Некаторыя з іх пражылі нармальнае паўнацэннае жыццё, мелі работу, сям’ю і дзяцей, але ў выніку траўмы, генетычнага збою, інфекцыі апынуліся ў замкнёных рамках сваёй хваробы. Некаторыя не змаглі скончыць нават дапаможнай школы, іншыя ж не ўмеюць чытаць і пісаць… Але паглядзіце на гэтыя жыццярадасныя фарбы і чыстыя формы!

Экспазіцыю дапоўнілі і разнастаілі творчыя работы дзяцей з парушэннем слыху, якія вучацца ў інклюзіўнай арт-школе “Вышэй за дах”. Гэтыя маленькія мастакі інакш бачаць свет і маюць высокі глядзельны інтэлект.

Хочацца адзначыць агульную схільнасць і тых і другіх мастакоў у выкарыстанні яркіх колераў, кантрасных тэкстур і аб’ёмаў, часта прыдуманых або перамешчаных са штодзённасці ў адмысловае арт-асяроддзе.

Мы часта забываемся аб тым, што побач з намі жывуць вельмі таленавітыя і моцныя людзі, якія, нягледзячы на сваю цяжкую, невылечную хваробу, імкнуцца тварыць, каб асэнсавана жыць, быць патрэбнымі і цікавымі. Гэтая выстава – доказ таго, што людзі з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця вельмі таленавітыя і камунікабельныя, яны гатовы падзяліцца сваім успрыманнем свету з усімі з намі.

 

Куратар праекта – Марына Трафімава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы

 

Работа выставы працягнецца 
да 29 мая 2023 года

іншыя выставы
Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань
Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака
Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Гармонія свету неглюбскіх ткачых
Гармонія свету неглюбскіх ткачых

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава адной карціны. Міхаіл Васільевіч Несцераў «Ганец»
Выстава адной карціны. Міхаіл Васільевіч Несцераў «Ганец»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі