Напярэдадні калядных свят Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае на чароўную выставу вядомай гродзенскай мастачкі Валянціны Шобы. Кожны твор мастачкі напоўнены таямнічай прыгажосцю і магіяй Раства. Казкі, чараўніцтва, містычная прырода, беларускія арнаменты, антураж – усё знайшло сваё адлюстраванне ў працах аўтара. На выставе будуць прадстаўлены каля 50 графічных работ майстра, большасць якіх напісана сёлета спецыяльна да выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Валянціна Шоба нарадзілася ў Мазыры Гомельскай вобласці. У 1982 г. скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. У 1989 г. скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), факультэт графікі. Вучылася ў вядомых дзеячаў мастацтваў Беларусі – народнага мастака, прафесара Васіля Пятровіча Шаранговіча і прафесара Уладзіміра Пятровіча Савіча. Пачынаючы з 1992 года Валянціна Шоба актыўна ўдзельнічае ў разнастайных выставах, творчых праектах і мастацкіх пленэрах як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. За час сваёй дзейнасці мастачкай былі падрыхтаваны больш за 30 персанальных выстаў, прадстаўленых у многіх гарадах Беларусі, Расіі і Еўропы. Кожны раз, прэзентуючы новы творчы праект, Валянціна здзіўляе сваім майстэрствам не толькі аматараў, але і мастацтвазнаўцаў. Яе персанальныя выставы заўсёды з’яўляюцца культурнай падзеяй для грамадства і шырока асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнет-рэсурсах.
Куратар выставы – Аляксей Мацюшонак, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Работа выставы працягнецца
да 25 студзеня 2023 года