6 сакавіка 2021 а 15-й гадзіне Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае ўсіх прыхільнікаў прыгожай славеснасці на літаратурна-мастацкае свята “МАСТ-READ: Шамякін, Мележ, Крапіва”.
Гэты год багаты на шматлікія юбілеі вядомых асоб, што зрабілі значны ўнёсак у развіццё айчыннай культуры. Сярод іх вылучаюцца імёны славутых пісьменнікаў, якія сталі гонарам і славай беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, па праве атрымаўшы званні народных. У студзені і лютым краіна адзначала 100-гадовыя юбілеі Івана Шамякіна і Івана Мележа, а 5 сакавіка споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы.
Вядомы рускі крытык Уладзімір Стасаў параўноўваў выяўленчае мастацтва і літаратуру з блізнятамі, што ідуць па жыцці ў абдымку. Чароўны літаратурны свет, постаці пісьменнікаў заўсёды як магніт прыцягвалі творцаў: жывапісцаў, скульптараў, майстроў кніжнай і станковай графікі. А пісьменнікі і паэты, у сваю чаргу, часта знаходзілі натхненне ў творах выяўленчага мастацтва. Таму і нядзіўна, што менавіта пляцоўка Мастацкага музея стала месцам сустрэчы, повязі двух ледзь ці не самых галоўных відаў мастацтва.
Падчас мерапрыемства вас чакаюць сустрэчы з нашчадкамі пісьменнікаў – унучкай Кандрата Крапівы, кандыдатам мастацтвазнаўства Аленай Атраховіч, і ўнукам Івана Мележа, мастаком Іванам Семілетавым, якія ласкава пагадзіліся падзяліцца з гасцямі імпрэзы ўспамінамі пра сваіх славутых продкаў. Урыўкі з твораў народных пісьменнікаў прагучаць у выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валянціна Салаўёва і актрысы Марты Голубевай. Акрамя таго, у кожнага прысутнага будзе магчымасць скарыстацца адкрытым мікрафонам і зачытаць любімы твор пісьменніка-юбіляра. Дапамагчы ў гэтым змогуць не толькі спецыяльна падрыхтаваныя паштоўкі з фрагментамі твораў, але і, спадзяемся, кнігі з паліцы музейнага буккросінга ў музейнай кавярні.
На свяце сваё жывапіснае прачытанне твораў Івана Шамякіна, Івана Мележа і Кандрата Крапівы прэзентуюць вучні гімназіі №75 г. Мінска ў межах выставы малюнкаў. А выстава мастацкіх работ з фондаў музея, дзе будуць прадстаўлены графічныя, жывапісныя і скульптурныя творы вядомых беларускіх мастакоў, дасць уяўленне пра тое, якімі бачыліся вядомыя пісьменнікі і героі іх твораў сваім сучаснікам.
Музычнай украсай імпрэзы стане выступленне ўдзельнікаў Дударскага клуба.