Крыху пяшчоты

Крыху пяшчоты

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

Часовая экспазіцыя “Крыху пяшчоты” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прымеркавана да Тыдня бацькоўскай любві, які аб’ядноўвае Дзень маці 14 кастрычніка і Дзень бацькі 21 кастрычніка. Экспанаванне выставачнага праекта пройдзе з 14 кастрычніка па 9 лістапада 2026 года ў 4-й зале пастаяннай экспазіцыі “Беларускае мастацтва XX–XXI стст.” (вул. Леніна, 20, уваход праз выставачны корпус па вул. К. Маркса, 24).

Бацькоўская любоў не нараджаецца ў момант першага крыку немаўляці і не пачынаецца з яго першых крокаў. Яе вытокі ляжаць значна глыбей – у абсалютнай, звонкай цішыні чакання, у трапяткім сэрцабіцці, у тым сакральным, патаемным прамежку часу, калі жанчына песціць новае жыццё. У гэты перыяд яе цела і душа становяцца першай калыскай, непрыступнай крэпасцю і аазісам спакою для яшчэ не народжанага чалавека.

Быць бацькамі – гэта штодзённая нябачная праца, вытканая з турботы, цярпення і бязмежнай любві. Быць дзецьмі – значыць ведаць, што ёсць дом, дзе цябе заўсёды чакаюць і прымаюць. Усім нам часам неабходны ласка, спакой і падтрымка, асабліва ў свеце, поўным хаатычнасці. Бацькоўская любоў – не гучныя словы. Гэта здольнасць стаць прытулкам, растварыцца ў клопаце пра іншага, падараваць крыху пяшчоты. Яна тоіцца ў дробязях і выяўляецца ў ледзь прыкметных жэстах: у чулых руках маці, якія папраўляюць коўдру, у моцным плячы бацькі, на якое можна абаперціся, у цёплых абдымках, добрай усмешцы і шчырай гутарцы пасля доўгага дня.

Наша часовая экспазіцыя – гэта інтымная прастора, маўклівая падзяка самым дарагім людзям. Розныя аўтары, мастацкія мовы і матэрыялы аб’ядноўваюцца ў адчувальную сімфонію, каб адлюстраваць самы святы і далікатны стан жанчыны – час чакання дзіцяці. З дапамогай твораў мастацтва мы паспрабавалі перадаць тое, што цяжка і немагчыма выказаць словамі: абсалютную, чыстую пяшчоту, у якой спее новае жыццё, і тое бацькоўскае цяпло, якое абараняе нас на працягу ўсяго шляху.

Камерны выставачны праект прапануе гледачу сысці з дыстанцыі паўсядзённага марафону, запаволіць імклівы бег будняў, пакінуць за парогам мітусню і трывогі. Гэта запрашэнне вярнуцца да вытокаў уласнага быцця, угледзецца ў самы трывалы падмурак чалавечага жыцця – бацькоўскую любоў – і ўспомніць пра тых, чый клопат захоўваў нас задоўга да таго, як мы адкрылі вочы.

Куратары часовай экспазіцыі – Анастасія Карнейка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст., і Дзіяна Шантар, згадчык аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу.

Фота
іншыя выставы
Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік
Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік

Музей Дом Ваньковічаў

Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае
Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Часовая мінералагічная петраграфічная экспазіцыя з фондаў ГА “БелГТ” пад назвай “Халодны камень, ёсць у цябе душа!..”
Часовая мінералагічная петраграфічная экспазіцыя з фондаў ГА “БелГТ” пад назвай “Халодны камень, ёсць у цябе душа!..”

Музей Дом Ваньковічаў

Мастацтва шаўковага шляху: душа рамяства, адлюстраванні над аблокамі. Кітайска-Беларуская мастацкая выстава
Мастацтва шаўковага шляху: душа рамяства, адлюстраванні над аблокамі. Кітайска-Беларуская мастацкая выстава

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь