Павел Южык (1874–1944) – выдатны мастак і педагог, творчасць якога
з’яўляецца неад’емнай часткай багатай культурнай спадчыны Заходняй
Беларусі.
Нарадзіўся 10 сакавіка 1874 года на Смаргоншчыне, у невялікай вёсцы
Вётхава (ранейшая назва – Новааляксандраўка) у сям’і Тамаша Южыка,
садоўніка князёў Агінскіх. Пачатковую адукацыю атрымаў у Міхневіцкай
прыхадской школе, затым вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі
(1893–1895), пасля заканчэння якой працаваў у народным вучылішчы ў
вёсцы Сітцы на Вілейшчыне, а затым у Падброддзі.
Час пражывання на малой радзіме стаў самым плённым у творчым
плане, менавіта ў роднай вёсцы Вётхава была напісана найбольшая колькасць
карцін, эцюдаў, эскізаў, якіх налічвалася каля сотні. Гэта далікатна-
рэалістычныя партрэты шматлікіх сваякоў і аднавяскоўцаў, някідка-
лаканічныя пейзажы, якія ўвасобілі прыгажосць родных мясцін. Цікава тое,
што Павел Южык, як і старажытныя іканапісцы, гэтыя творы не падпісаў і не
даў ім назваў.
Аднак з таго, што ўдалося стварыць за гады руплівай працы, засталася
толькі частка. Больш за тры дзясяткі карцін захоўваецца ў Смаргонскім
гісторыка-краязнаўчым музеі, дзве работы знаходзяцца ў фондах
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, тры эцюды былі
перададзеныя дачкой Южыка ў Залескую сярэднюю школу Смаргонскага
раёна, адна графічная работа трапіла ў Літоўскі нацыянальны музей. А ў
храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Залессі можна ўбачыць абраз Паўла
Южыка, адзіны, які захаваўся. Частка карцін знаходзіцца ў нашчадкаў
мастака. Але дзясяткі твораў з цягам часу згубіліся і выпадкова могуць быць
яшчэ знойдзеныя.
Камерная выстава карцін Паўла Южыка запрашае паглыбіцца ў свет
гэтага тонкага майстра. Адчуць цяпло яго душы і дакрануцца да прыгажосці,
якую ён шчодра дарыў сваім мастацтвам.