У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 жывапісных твораў з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў і збору сям’і Натана Воранава. Жанравы склад выставачнага праекта – партрэты, пейзажы і нацюрморты, намаляваныя майстрам на працягу 1950-х –1970-х гг.
Творчасць Натана Воранава, выдатнага савецкага беларускага жывапісца, выпускніка Віцебскага мастацкага тэхнікума і Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна, вучня таленавітых І. Ахрэмчыка, Ф. Фогта, А. Асьмëркіна, С. Абугава, займае дастойнае месца ў нацыянальным мастацтве ХХ стагоддзя.
З аднаго боку, жывапісец працаваў у кантэксце сацрэалізму, прытрымліваючыся асноўных догмаў гэтага “адзіна дакладнага метаду”, займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Пры гэтым творчая спадчына Натана Воранава – з’ява асобная, нечаканая і ў нечым парадаксальная, якую складана ў поўнай меры вызначыць як артэфакт мінулай эпохі.
Натан Воранаў з’яўляўся мастаком абсалютнага жывапіснага слыху. Для яго, па сутнасці, было не прынцыповым, што маляваць: перадавікоў вытворчасці, даярак, завадскія трубы, гістарычныя сюжэты або летнюю спёку, халодную пякучую зіму, дзіцячыя вобразы, інтэр’ер уласнай майстэрні… Прынцыповым было “як” гэта зрабіць. Яго каляровая стыхія палотнаў зачароўвае і прываблівае. Думаецца, што менавіта ў жанрах партрэта, пейзажа і асабліва нацюрморта, асноватворным застаецца ўнутраны, сімволіка-паэтычны змест мастацтва Натана Воранава. Менавіта ў гэтых “малых” жанрах жыве душа мастака і праз іх трансліруецца самае важнае адчуванне, якое сыходзіць ад сілы асобы Натана Воранава – шчырае захапленне жыццём. Нібы кожны раз, стоячы перад чыстым палатном, ён робіць выбар на карысць жыцця. Прыступаючы да працы, кожны раз, як бы ўнутрана кажа сабе: шчасцю – быць!