Апалінарый Гараўскі (1833–1900) – жывапісец, малявальшчык, аўтар пейзажаў і партрэтаў. Творчасць Апалінарыя Гараўскага тэматычна непарыўна звязана з Беларуссю, а яго кар’ера – са сталічным Санкт-Пецярбургам. Перыяд творчай актыўнасці мастака прыпаў на сярэдзіну – другую палову XIX стагоддзя – час кардынальных пераўтварэнняў у жывапісе, якія, аднак, не вельмі закранулі стылістыку работы майстра. Старанна і добрасумленна зробленыя па ўсіх правілах акадэмічнай вывучкі краявіды, ілюзорна-рэалістычныя партрэты ўпісваюць творчасць мастака ў рэчышча акадэмічнага рэалізму сярэдзіны XIX стагоддзя.
Упершыню за апошнія 40 гадоў будзе прадстаўлена панарама творчасці Апалінарыя Гараўскага ў кантэксце мастацкага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Выстава прадставіць новыя навуковыя адкрыцці ў галіне вывучэння творчасці і біяграфіі мастака, а таксама новыя атрыбуцыі яго твораў.
У экспазіцыі, акрамя карцін Апалінарыя Гараўскага, будуць паказаны работы яго настаўнікаў па Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу – творы Фёдара Бруні і Максіма Вараб’ёва, а таксама брата мастака – пейзажыста Іпаліта Гараўскага.
Аснову экспазіцыі складуць творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Работа выставы працягнецца па 28 студзеня 2024 года.
Куратар – Юлія Лісай, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь