Юрый Хілько. Цень ветру

Юрый Хілько. Цень ветру

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

19 лютага 2020 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава жывапісу і графікі Юрыя Хілько “Цень ветру”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 50 твораў мастака, створаныя на працягу 18 гадоў. Выстава праводзіцца з нагоды 60-годдзя аўтара.

Па сваім духу графічныя і жывапісныя работы Ю. Хілько блізкія да лірычнай абстракцыі, дзе імгненнасць узнікнення вобраза пануе над прадуманай пабудовай кампазіцыі. Прынцып выпадковасці – адзін з ключавых у гісторыі сучаснага мастацтва – мастак асвойвае як метад, яго кампазіцыі нараджаюцца хутка, спантанна, экспрэсіўна. Аднак гэта – вытанчаная графічная экспрэсія, дзе прысутнічаюць і лёгкая, амаль алоўкавая контурнасць, і складаная каларыстычная нюансіроўка. У сваіх абстрактных кампазіцыях Ю. Хілько часта звяртаецца да прыёму напластаванняў колеравых плям, дамагаючыся складанай фактуры і ілюзіі глыбіні.

Нягледзячы на ўніверсальнасць мовы абстракцыі ў творах Ю. Хілько адчуваецца трывалая сувязь з беларускай культурай: “Прырода, гісторыя, фальклор, ды ўсё, што ёсць і адбываецца і будзе адбывацца на Беларусі – гэта тое, чым я ўвесь час захапляюся…” Ключ да разгадкі крыецца і ў назвах работ –“Купалле”, “Каляда”, “На краю Ясельды” і інш.

Значнае месца ў творчасці Юрыя Хілько займае кніжная ілюстрацыя. У гэтым відзе графікі мастак выяўляецца як адмысловы майстар тонкага малюнка са скрупулёзнай прапрацоўкай дэталяў і фігуратыўных кампазіцый. На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да кніг “Прымаўкі ды прыказкі – мудрай мовы прывязкі” (2017), “Бегла ліска каля лесу блізка”, М. Эмінэску “Лучафэрул” (2017).

 

Хілько Юрый Іванавіч нарадзіўся 13.02.1960 года ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. У 1980 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1991 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў Ю. Выхадцава, А. Салькова, А. Малішэўскага, В. Шаранговіча, У. Савіча. З 2007 года ўзначальвае кафедру графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выкладае. Сярод яго выпускнікоў – многія вядомыя сучасныя беларускія мастакі: П. Татарнікаў, А. Басалыга, Р. Сустаў і інш. З 1993 года – член Беларускага саюза мастакоў.

Работы Юрыя Хілько знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску, у многіх абласных музейных зборах Беларусі, у калекцыях галерэй і цэнтраў сучаснага мастацтва Расіі, Германіі, Швецыі, Індыі, Італіі, Польшчы, ЗША.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні