Уладзімір Садзін. Мастацтва падарожнічаць

Уладзімір Садзін. Мастацтва падарожнічаць

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

21 мая 2022 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Уладзімір Садзін. Мастацтва падарожнічаць”, якая ўключае больш за 50 графічных работ, сувеніры, кнігі, асабістыя рэчы мастака-вандроўніка. Прадстаўленыя графічныя аркушы створаны Уладзімірам Садзіным падчас паездак па Еўропе, Амерыцы і Азіі ў 1970 – пачатку 1990-х гг. і практычна не вядомыя шырокаму колу гледачоў.

Мастакі ва ўсе часы імкнуліся да падарожжаў па розных краінах у пошуках натхнення, карысных ведаў і новых знаёмстваў. Вандруючы і ствараючы новыя работы, яны выдзялялі і фіксавалі тое, што лічылі патрэбным і важным на той момант. Іх творы выклікалі ў гледача непадробную цікавасць, а часам і шчырае захапленне. І да сённяшняга часу кожны з нас, гледзячы на творы падарожнікаў, дапаўняе рэальнасць усё новымі і новымі сэнсамі.

Уладзімір Садзін (1924–2010) з тых творчых асоб, якія заўсёды імкнуліся да самаўдасканалення, навучання і развіцця. Яму была блізкай фраза А. Камю “Падарожжа, як самая вялікая і сур’ёзная навука, дапамагае нам ізноў знайсці сябе”. Як члену Саюза мастакоў БССР Уладзіміру Сцяпанавічу пашчасціла наведаць шэраг краін у складзе дэлегацый і спецыяльных турыстычных груп. Вынікам гэтых падарожжаў сталі выдатныя графічныя серыі аб далёкіх краінах – ФРГ, Японіі, Індыі, Балгарыі, В’етнаме, ЗША, Даніі, Галандыі, Францыі, Італіі і Егіпце.

У экспануемых графічных аркушах, такіх жывых і яркіх, розных па стылі і тэхніцы, ёсць галоўная асаблівасць, якая аб’ядноўвае. У іх заключана не толькі зразумелае любому турысту імкненне зафіксаваць уражанні ад убачанага, але і эмацыянальны складнік эпізоду, жаданне падзяліцца асабістым стаўленнем праз свае творы. Уладзімір Садзін адлюстроўваў у сваіх работах гарадскія пейзажы, каларыт мясцовай прыроды, хараство архітэктуры, нацыянальную культуру, а таксама рабіў замалёўкі экспазіцый найбуйнейшых замежных музеяў, здзіўляючы суайчыннікаў актуальнымі на той час тэндэнцыямі ў мастацтве. Нярэдка героямі яго твораў станавіліся звычайныя людзі, вобразы якіх дазвалялі адчуць адметнасці культуры розных краін. Як правіла, пасля вяртання ў родны Слуцк Уладзімір Сцяпанавіч Садзін наладжваў выставы, якія прыадчынялі савецкім грамадзянам заслону малавядомага замежжа.

Уладзімір Сцяпанавіч Садзін
Уладзімір Сцяпанавіч Садзін
1924–2010

Мастак, педагог, заслужаны работнік БССР, член Беларускага саюза мастакоў

Уладзімір Сцяпанавіч Садзін (19 сакавіка 1924, с. Чыркава, Лунінскі раён, Пензенская вобласць – 23 лютага 2010, г. Слуцк) – выдатны мастак, таленавіты педагог, заслужаны работнік БССР, член Беларускага саюза мастакоў, ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна. Яшчэ ў школьныя гады хлопчык прымаў удзел у конкурсах, якія праводзіліся газетамі “Колхозные ребята”, “Пионерская правда”, адсылаў малюнкі ва Усесаюзны Дом эстэтычнага выхавання дзяцей. Потым – фронт. Але нават будучы на вайне, ён працягвае маляваць пейзажы, партрэты, карыкатуры. Вызваляў Беларусь, Украіну, штурмаваў Кёнігсберг і Пілау. У 1945 годзе, адразу пасля дэмабілізацыі, прыехаў у Слуцк, гэтае мястэчка стала другой радзімай мастака.

У 1953 г. У. С. Садзін скончыў Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў. Пад уплывам У. А. Фаворскага дасканала вывучаў тэхніку лінагравюры. А ўжо з 1960 года яго гравюры экспануюцца на ўсіх рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах.

Адной з галоўных спраў яго жыцця была студыя выяўленчага мастацтва пры слуцкім Доме піянераў, якую ён стварыў і якой кіраваў. У 1981 годзе студыя ўдастоена звання народнай. У. С. Садзін не ставіў сабе задачу вузкапрафесійнай падрыхтоўкі юных мастакоў, стараўся максімальна раскрыць творчыя здольнасці дзяцей. Ён браў вучняў з сабой у падарожжы, пашыраў іх кругагляд, прывозіў з замежных паездак рэдкія каталогі па мастацтве, матэрыялы для творчасці, знаёміў з новымі тэндэнцыямі ў свеце мастацтва. Як вынік – Уладзімір Сцяпанавіч узгадаваў цэлую плеяду яркіх мастакоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускага мастацтва: братоў Уладзіміра і Міхаіла Басалыг, Георгія Скрыпнічэнку, Уладзіміра Голуба, Уладзіміра Акулава, Уладзіміра Суздальцава, Ігара Ціткоўскага, Аляксандра Рубца і іншых.

У. С. Садзін на працягу ўсяго жыцця актыўна працаваў і падарожнічаў, стварыў больш за тысячу твораў, прымаў удзел у розных рэспубліканскіх і замежных выставах. Многія з яго работ знаходзяцца ў прыватных калекцыях і ў музеях Беларусі, ЗША, В’етнама, Расіі, Казахстана, Японіі, Германіі, Англіі, Ірландыі і іншых краін.

Імя Уладзіміра Садзіна носіць мастацкая галерэя ў Слуцку, якая з’яўляецца філіялам Слуцкага краязнаўчага музея.

Куратар выставы Шантар Дзіяна, загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы 

Работа выставы працягнецца 
да 26 чэрвеня 2022 года

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30