Уладзімір Вішнеўскі “Лесвіца ў неба”

Уладзімір Вішнеўскі “Лесвіца ў неба”

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

30 кастрычніка 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца персанальная выстава Уладзіміра Вішнеўскага “Лесвіца ў неба”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены графічныя работы і скульптура мастака.

Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В. Ахрэмчыка (цяпер – Беларуская рэспубліканская гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка) (1973), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), кафедра графікі (1979). Вучыўся ў выдатных беларускіх мастакоў П.У. Свентахоўскага, В.М. Свентахоўскай, В.П. Цюрына, П.К. Любамудрава, І.У. Грыгаровіча, А.К. Шэверава, В.П. Шаранговіча. 

Выкладае на кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з 1987 г., прафесар кафедры.

З 1988 г. сябра Беларускага саюза мастакоў. 

Мастак Уладзімір Вішнеўскі – адметны творца філасофскіх вобразаў-сімвалаў.

Творы Уладзіміра Вішнеўскага выразныя, напоўненыя ўнутранай дынамікай, драматызмам. У графічных аркушах лінія заўжды музыкальная, яна фіксуе тонкія адценні светаўспрымання майстра, літаральна выхоплівае з касмічнага хаосу, з суцэльнага палатна рэчаіснасці абрысы абліччаў і фігур, ператвараючы іх у знакі і сімвалы, якія дазваляюць больш глыбока і ясна асэнсаваць сусвет і жыццё чалавека.

Творчая індывідуальнасць Уладзіміра Вішнеўскага сфарміравалася ў другой палове XX ст. Майстар належыць да таго пакалення творчай інтэлегенцыі, якое зараджалася ў працэсе росту нацыянальнай самасвядомасці і годнасці беларусаў. Менавіта таму цэнтральнае месца ў творчасці мастака займае тэма Радзімы, яе гісторыі, тэма старадаўняй Літвы. “Карона Міндоўга”, “Полацкія напевы”, “Крэўскай зямлёю народжаны”, “Рагвалодаў камень” – назвы гэтых графічных аркушаў гавораць самі за сябе.

Маштаб таленту майстра дазваляе працаваць у розных відах выяўленчага мастацтва, таму на выставе “Лесвіца ў неба” прадстаўлены творы арыгінальнай (акварэль, туш) і тыражнай графікі (у тэхніцы афорт, каляровы афорт, мецца-тынта, акватынта), скульптура, над якімі Уладзімір Вішнеўскі працаваў у розныя часы творчага шляху.

Канцэптуальнымі паводле задумы і індывідуальнай мастацкай манеры з’яўляюцца як яго асобныя графічныя творы, такія як “Апошні паляўнічы” (2002), “П’ета Чарнобыльская” (1995), “Дзяды” (1996), “Узнясенне” (2001), так і цэлыя серыі філасофскіх афортаў: серыя “Будаўніцтва чалавека” (1987), дзе кожны аркуш (“Каменная ўсмешка”, “Малы каўчэг”, “Будка суфлёра”) – своеасаблівы філасофскі трактат, у які можна ўглядвацца і ўчытвацца.

Асобна варта вылучыць графічныя аркушы Уладзіміра Вішнеўскага ў гонар дзеячаў нашай культуры, творчасць якіх сёння стала сусветным здабыткам. Гэта серыя прац, прысвечаных Адаму Міцкевічу (“Ініцыялы паэта”, “Неспатоленая крыніца духу,” “Легенда пра Світязь”), “Прысвячэнне Уладзіміру Караткевічу”, “Святло ў сутонні думак. Дастаеўскі”, “Неба і зямля Фердынанда Рушчыца”, “Апостал Васіль”.

Канцэптуальна завершаныя, лаканічныя па гучанні скульптуры ў бронзе, камяні і дрэве выяўляюць цікавасць майстра да аб’ёму, трохмернасці і матэрыяльнасці аб’ектаў, да развіцця формы ў прасторы і перадаюць гледачу глыбока індывідуальнае ўспрыманне свету і творчы пошук творцы. У бронзу пераведзены графічны аркуш “Дванаццаць”, дзе лодка, у якой плывуць людзі, нечакана з нейкага ракурсу пачынае ўспрымацца як стручок гароху, што лунае ў бездані космасу. У. Вішнеўскі звяртаецца ў сваіх скульптурных творах да жаночых вобразаў па-свойму, пластычнай лініяй перадае зменлівую жаночую постаць і ў дрэве, і ў камяні.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава, Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі (Гомель), Нацыянальнага інстытута Асалінскага ў Вроцлаве (Польшча), Музея сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Ёрку (ЗША), Публічнай бібліятэкі імя М. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу (Расія), галерэі SART у Маскве (Расія), а таксама ў прыватных зборах.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні