Вечны агонь

Вечны агонь

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

Да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе выставу адной карціны народнага мастака Беларусі М.В. Данцыга (1930‒2017) “Вечны агонь” (1974).

Дзень Перамогі ‒ даніна памяці і глыбокай павагі ўсім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, якія сталі на абарону Радзімы. 8 мая (9 мая па маскоўскім часе) 1945 года ў Германіі быў падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі германскіх войскаў, які паклаў канец адной з самых страшных войн у гісторыі чалавецтва.

Тэма вайны стала адной з вядучых і ў творчасці беларускіх 
мастакоў-франтавікоў, і тых майстроў, чыё дзяцінства выпала на ваенныя гады. Май Вольфавіч Данцыг, які ў 11 гадоў літаральна цудам эвакуіраваўся з сям’ёй з акупіраванага Мінска ў далёкі Ульянаўск, пасля неаднаразова звяртаўся да тэмы вайны ў сваіх творах. Ён увасабляў яе праз розныя вобразы, не звяртаючыся да адлюстравання сцэн бою, пісаў “без адзінага выстралу”.

Палатно М.В. Данцыга “Вечны агонь” выклікае складаныя эмоцыі. З аднаго боку, яно напоўнена радасным напамінам аб доўгачаканай Вялікай Перамозе. І ў той жа час карціна з’яўляецца сведчаннем таго вялізнага ўкладу, які быў унесены коштам мільёнаў жыццяў савецкага народа ў барацьбе за магчымасць мірнага існавання будучых пакаленняў. Яркія языкі полымя і жывыя кветкі, ускладзеныя ля падножжа манумента-абеліска ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў памяць аб воінах Савецкай арміі, партызанах і падпольшчыках, становяцца сімвалам працягу новага мірнага жыцця.

Выстава пройдзе з 7 па 26 мая 2025 г. у прыбудове да галоўнага корпуса музея.

іншыя выставы
Крыху пяшчоты
Крыху пяшчоты

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік
Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік

Музей Дом Ваньковічаў

Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае
Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

З любоўю ў сэрцы
З любоўю ў сэрцы

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь