Малая, або настольная, фарфоравая пластыка 1920–1960-х гадоў адыгрывала важную ролю ў паўсядзённым культурным жыцці Краіны Саветаў. У 1950–1960-я гады ствараецца дзяржаўная праграма, звязаная з павышэннем дабрабыту народа. Духоўнае жыццё савецкага грамадства напаўняецца ідэямі гарманічнага развіцця асобы, выхавання новага густу, эстэтычнага пераўтварэння навакольнага асяроддзя, стварэння гарадоў і жылля новага тыпу. Перамены ў грамадскім жыцці адкрываюць новыя перспектывы для развіцця архітэктуры і цесна звязанай з ёй прадметнай творчасці. Скульптура малых формаў становіцца адным з важных элементаў інтэр’еру тыпавой савецкай кватэры, сімвалам хатняй утульнасці і цяпла. Інтэр’ерная фарфоравая пластыка адлюстроўвае густы ўладальніка, кола яго інтарэсаў, эстэтычныя перавагі, перадае каларыт часу, характар грамадскага жыцця.
Фарфоравыя прадпрыемствы краіны актыўна ўключыліся ў працэс фарміравання паўсядзённай культуры савецкага чалавека: фігуркі са зразумелымі і вядомымі вобразамі выпускаліся масавымі тыражамі. Склаўся своеасаблівы збор тэм і сюжэтаў, якія выбіралі для працы майстры: героі літаратурных твораў, тэатр і цырк, “карцінкі з паўсядзённага жыцця”, свет дзяцінства, анімалістыка.
Савецкі шматтыражны фарфор можна назваць важнай з’явай мастацтва ХХ стагоддзя. І цяпер ён па-ранейшаму прыцягвае ўвагу даследчыкаў, калекцыянераў і аматараў мастацтва, з’яўляючыся своеасаблівым помнікам мінуламу часу.
Куратары выставы – вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Наталля Калашнік, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст. Юлія Загорская, навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Марыя Шугалей