Асноўная тэма ў творчасці мастака Хань Юйчэня – Тыбет. Ён з’яўляецца адным з прадстаўнікоў новага пакалення мастакоў, які спецыялізуецца на адлюстраванні навакольнага асяроддзя і вобразаў жыхароў Тыбета. За апошнія дзесяцігоддзі аўтар неаднаразова здзяйсняў экспедыцыі ў розныя куткі Тыбецкага нагор’я, назіраючы за традыцыямі і побытам мясцовых жыхароў і ствараючы дзясяткі накідаў, фатаграфій і палотнаў. Работы мастака, напісаныя ў рэалістычным стылі, паказваюць гледачу паўсядзённае жыццё тыбетцаў: манахаў, пастухоў-качэўнікаў і земляробаў. Нягледзячы на відавочную суровасць клімату і побыту мясцовых жыхароў, у працах Хань Юйчэня мы бачым гарманічны свет, напоўнены ўсмешкамі людзей і яркімі фарбамі прыроды.
Палотны мастака атрымалі і міжнароднае прызнанне. Карціна “Пастушка” была ўдастоена першай прэміі Восеньскага салона ў Парыжы ў 2013 годзе, а ў 2014 годзе праца “Па шляху паломніцтва” атрымала бронзавы медаль Восеньскага салона ў Парыжы, а таксама прэмію “Ларэнца Цудоўны” прэзідэнта Фларэнційскай біенале на 12-й Міжнароднай біенале сучаснага мастацтва ў Фларэнцыі ў 2019 годзе.
Творы Хань Юйчэня экспанаваліся на персанальных выставах у Нацыянальным музеі Кітая, Нацыянальным мастацкім музеі Кітая, Музеі дэкаратыўнага мастацтва Францыі, Цэнтры мастацтваў “Укел” у Бруселі (Бельгія), Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў імя Ільі Рэпіна (Расія), Палацца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі (Італія), у Палацы Дожаў у Генуі і Палацца Банапарце ў Рыме (Італія). Карціны мастака знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у многіх краінах свету.