Мерапрыемства

Вечар успамінаў

Вечар успамінаў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

5 лістапада а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца святочнае мерапрыемства “Вечар успамінаў”, прысвечанае 69-годдзю з дня адкрыцця галоўнага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея.

У гэты дзень Мастацкі музей адзначае адразу некалькі важных падзей. Свята аб’яднае разам гістарычнае мінулае музея і яго будучыню.

5 лістапада 1957 г. у горадзе Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё новага музейнага будынка па адрасе: вул. Леніна, 20. Сёння гэтая частка галоўнага корпуса знаходзіцца на маштабнай рэканструкцыі. Пасля завяршэння будаўнічых работ Нацыянальны мастацкі музей стане першым у краіне музейным кварталам. На мерапрыемстве наведвальнікаў чакае магчымасць стаць сведкамі працэсу рэнавацыі. Гледачам будзе паказана прэзентацыя з гістарычнымі фота і відамі новага корпуса.

Цэнтральнай падзеяй святочнага вечара стане прэзентацыя экспазіцыі рускага мастацтва. Творы, якія 3 месяцы адпачывалі ў сховішчы ў сувязі з пачаткам рэканструкцыі галоўнага корпуса, зноў сустрэнуць гледачоў. Вядучы навуковы супрацоўнік Алена Шапашнікава правядзе для жадаючых першую экскурсію па новай экспазіцыі.

Успомніць аб выдатных асобах у гісторыі Мастацкага музея збяруцца ганаровыя госці, нашчадкі дырэктараў музея – дачка легендарнага дырэктара Алены Аладавай Радаслава Аладава, сын дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Юрыя Карачуна Аляксандр Карачун, праўнучка першага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР Мікалая Міхалапа Анастасія Скеп’ян. Пагаварыць аб дасягненнях і цяжкіх момантах музея таксама прыйдуць удзельнікі серыі фільмаў з успамінамі аб галоўным корпусе (якія размешчаны на афіцыйным YouTube канале Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь): Уладзімір Іванавіч Пракапцоў, Уладзімір Пятровіч Рылатка, Юрый Мікалаевіч Гільдзюк, Галіна Леанідаўна Левіна, Алена Дзмітрыеўна Шапашнікава. Жадаючыя змогуць задаць гасцям па адным пытанні ў рамках цёплай гутаркі аб месцы, дзе гэтыя людзі правялі большую частку свайго жыцця. Дыялог суправаджае прэзентацыя фільма “Развітанне са старым корпусам”.

Сваімі ўспамінамі падзеляцца не толькі былыя і цяперашнія супрацоўнікі музея, але і яго наведвальнікі. У рамках конкурсу “Мая музейная гісторыя”, які праводзіўся ў сацыяльных сетках музея, удзельнікі расказвалі пра свой асабісты незабыўны вопыт наведвання музея. Аўтар самай цікавай гісторыі будзе ўзнагароджаны памятным прызам.

Мастацкі музей прадставіць праект “Ажыўшыя карціны”. На гэты раз “ажывуць” творы з рускай калекцыі. Наведвальнікі змогуць убачыць 20 карцін з дапоўненай рэальнасцю (AR) з дапамогай QR-кодаў, размешчаных у экспазіцыі.

Яшчэ адна інтэрактыўная лакацыя для наведвальнікаў – стэнд пажаданняў. Усе жадаючыя змогуць пакінуць на стыкерах свае віншаванні і пажаданні ў будучыню Мастацкаму музею.

Свята суправаджае жывая інструментальная музыка.

Фота
іншыя выставы
Крыху пяшчоты
Крыху пяшчоты

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік
Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік

Музей Дом Ваньковічаў

Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае
Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

З любоўю ў сэрцы
З любоўю ў сэрцы

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь