Філіял "Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы"

Музей беларускага народнага мастацтва быў адкрыты 12 снежня 1979 г. Размясціўся ў былым Крыжагорскім касцёле, пабудаваным у 1862 годзе, і размешчаны на тэрыторыі алімпійскага спартыўнага комплексу «Раўбічы» ў 20 км ад Мінска.
Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы
Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы

Пісьмовыя помнікі, што дайшлі да нашых дзён, распавядаюць пра незвычайная сітуацыі, якія паспрыялі таму, што гэта месца стала святым і вельмі папулярным сярод мясцовых жыхароў. Паводле легенды, прычынай будаўніцтва першага храма, датаванага 1650 годам, было ўзнікненне мясцовага вобраза іконы Божай Маці Млекакормячай, якая абараніла мясцовага шляхціца Лукаша Халяву падчас страшэннай навальніцы.

З цягам часу колькасць вернікаў павялічылася, і з’явілася патрэба ва ўжо больш грунтоўным храме. У 1858 годзе біскуп мінскі, ксёндз Вайткевіч урачыста асвяціў краевугольны камень у падмурак будучай святыні, і да 1862 г. будаўніцтва новага каменнага касцёла было завершана. З 1866 г. храм асвяцілі ў праваслаўную Успенскую царкву, якая і дзейнічала да пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя. Знаходзячыся шмат гадоў без рамонту, будынак сур’ёзна пацярпеў, і да 1970-х гг. па яго аднаўленні нічога не было зроблена.

Будынак музею да пачатку рэстаўрацыі
Будынак музею да пачатку рэстаўрацыі

Ідэя стварэння Музея беларускага народнага мастацтва ў сценах разбуранага былога Крыжагорскага касцёла належала намесніку дырэктара па навуцы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР І.М. Паньшынай і старэйшаму навуковаму супрацоўніку аддзела дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Т.І. Сцёпінай. Канцэпцыю рэстаўрацыі і размяшчэння экспазіцыі ў культавым будынку падтрымала дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Алена Васільеўна Аладава. Першапачаткова было вырашана знесці падмурак і сцены, якія захаваліся, бо на той момант страты будынка складалі звыш 80%. Толькі ліст А.В. Аладавай на імя П.М. Машэрава, а таксама асабістае ўмяшанне кіраўніка БССР перашкодзілі поўнаму знішчэнню Крыжагорскага касцёла.

Групу рэстаўратараў узначаліла архітэктар Л.У. Паўлава. Па праекту заслужанага архітэктара БССР В.М. Аладава да асноўнага аб’ёму касцёльнага будынка з боку апсіды быў дададзены прастакутны ў плане аб’ём, дзе размясціліся дадатковыя выставачныя плошчы і бытавыя памяшканні.

У розныя гады Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах узначальвалі Таццяна Іванаўна Сцёпіна, Валянціна Рыгораўна Пісарэнка, Святлана Васільеўна Крэль, Вольга Леанідаўна Залуцкая.

Экспазіцыя музея знаёміць з традыцыйным народным мастацтвам ХVI – пачатку XX стагоддзя і з творамі сучасных майстроў, якія працуюць у найбольш распаўсюджаных відах народнага мастацтва: ткацтве, ганчарстве, разьбе і роспісу па дрэве, пляценню з саломы і лазы.

Ткацтва – адзін з самых старажытных відаў народнага мастацтва. Стагоддзямі складваліся спосабы апрацоўкі лёну і воўны, тэхнікі і прыёмы ткацтва, тыпы адзення, а таксама звычаі і абрады, у якіх даматканым абрусам, ручнікам, кашулям, плеценым і тканым паясам адводзілася значнае месца. У экспазіцыі прадстаўлены традыцыйныя касцюмы канца XIX – пачатку XX ст., ручнікі і дэкаратыўныя тканіны ХХ стагоддзя з розных рэгіёнаў Беларусі.

Ткацкія вырабы з экспазіцыі музею
Ткацкія вырабы з экспазіцыі музею

Непаўторнасць народнага адзення прадыктавана яе прызначэннем і рэгіянальнымі асаблівасцямі традыцый. Для Беларусі характэрна выкарыстанне льняной тканіны з вышытым альбо тканым узорам чырвонага колеру. Валодаючы ўсімі вядомымі тэхнікамі ткацтва, выкарыстоўваючы ў асноўным спалучэнне адбеленага і неадбеленага лёну з чырвонымі баваўняных ніткамі, ткачыхі дасягалі дзіўнай разнастайнасці дэкору. 

Вырабы з ваўняных тканін – посцілкі і спадніцы – шматколерныя. Выкананы яны большай часткай самымі простымі прыёмамі перапляцення нітак. Варыянтнасць дасягаецца камбінацыяй рознакаляровых нітак утка і асновы. З’яўленне ў беларускай вёсцы ў 80-я гады ХIХ стагоддзя фабрычных тканін і штучных фарбавальнікаў у значнай ступені паўплывала на каларыт тканых вырабаў і характар адзення. Старадаўні галаўны ўбор ручніковага тыпу выцясняецца фабрычнымі шаўковымі, паркалёвымі і ваўнянымі рознакаляровымі хусткамі. З фабрычнай тканіны – сукна, аксаміту, шоўку – шыюць камізэлькі, упрыгожваючы іх тасьмой, па-майстэрску ўплятаючы ва ўзор металічныя гузікі і кнопкі.

Заканамерная эвалюцыя арнаменту, каларыту і тэхнікі ткацтва посцілак. Іх мастацкая форма склалася ў першай палове ХХ стагоддзя.

Царскія вароты з экспазіцыі музею
Царскія вароты з экспазіцыі музею
Царскія вароты з экспазіцыі музею
Царскія вароты з экспазіцыі музею

Побач з традыцыйным бытавым начыннем экспануюцца царскія вароты канца ХVIII – пачатку XX стагоддзя. Майстар выкарыстоўвае некалькі элементаў пляцення, з якіх складаецца мудрагелісты ўзор з зубчыкаў і квадратаў розных памераў. У сярэдзіну кожнага квадрата змешчаны кавалачак яркага каляровага сукна. Залацістая салома служыць яму своеасаблівай аправай, імітуючы золата, а кавалачак каляровай тканіны замяніў каштоўныя камяні. Царскія вароты – выдатны прыклад высокаразвітога мастацтва пляцення з саломы.

Разьбяныя царскія вароты з экспазіцыі музею
Разьбяныя царскія вароты з экспазіцыі музею

Беларускія майстры ўнеслі значны ўклад у гісторыю мастацтва разьбы па дрэве. «Беларуская рэзь» згадваецца ў дакументах ХVII стагоддзя, калі ў Маскоўскай дзяржаве пры «Палаце разьбяных і сталярных спраў» сталі працаваць беларускія разьбяры, упрыгожваючы іканастасы ў Ізмайлаве, Данскім і Новадзявочым манастырах, выконваючы работы ў Каломенскім палацы.

Вялікую цікавасць уяўляюць творы сельскіх майстроў, якія працавалі па замове аднавяскоўцаў з в. Нягневічы, Забалацце, Мяжэвічы і стварылі разьбяныя царскія вароты і скульптуру ХVIII – пачатку ХХ стагоддзяў. У іх пры адрозненні творчых манер захоўваюцца агульныя рысы, уласцівыя ўсім творам народных майстроў. Іх аб’ядноўвае веданне пластычных уласцівасцяў матэрыялу. Да канца ХIХ стагоддзя старадаўняе мастацтва разьбы па дрэве захавалі толькі асобныя майстры. Яны рэзалі скульптуру для сельскіх капліц, а таксама лялек для народнага тэатра – батлейкі.

Сучаснае мастацтва разьбы па дрэве прадстаўлена работамі вядомых у рэспубліцы самадзейных разьбяроў – А.Ф. Пупко, В.В. Альшэўскага, К.К. Казялко, якія працягваюць слаўныя традыцыі беларускай разьбы.

З экспазіцыі музею

Ганчарныя вырабы ў калекцыі музея адносяцца да ХХ стагоддзя. Чыгуны і макітры для прыгатавання ежы, міскі, збаны і гладышы для малака, глякі і слоікі для захоўвання прадуктаў, свістулькі і гліняныя цацкі майстры ўпрыгожвалі самымі простымі спосабамі, вядомымі ўсім ганчарам свету: абваркай, томленасцю, роспісам па тэракотавай паверхні, пакрыццём палівай. Бытавое ганчарнае начынне беларусаў амаль не мае роспісу. Дэкаратыўнасць дасягаецца элементарнымі прыёмамі.

Ганчарныя вырабы з экспазіцыі музею
Ганчарныя вырабы з экспазіцыі музею

Прыроджанае пачуццё формы, прафесійнае валоданне матэрыялам падказваюць майстру неабходны варыянт дэкору. Дастаткова разнастайныя і прыцягваюць сваёй функцыянальнасцю і прастатой дэкору чорналашчоная кераміка Пружанаў; светлы, тэракотавы з чырвонай размалёўкай з канцэнтрычных колаў і «косак» посуд Гарадной; гарадокскае начынне, пакрытае свабодна разлітай па форме каляровай палівай.

Асаблівую групу помнікаў у экспазіцыі складаюць вырабы Івянецкай фабрыкі, якая з невялікай саматужнай арцелі ператварылася ў вядучы цэнтр мастацкага ганчарства ў Беларусі. У музеі прадстаўлены работы аднаго са стваральнікаў арцелі ў Івянцы – В.Ф. Кулікоўскага, а таксама І.М. Маўчановіча, М.М. Звярко, А.В. Пракаповіча, якія працуюць у традыцыях старой івянецкай керамікі і адраджаюць забытае мастацтва вырабу фігурных пасудзін у выглядзе бараноў, мядзведзяў, зуброў.

Народнае мастацтва беларусаў непаўторна. Яму ўласцівы мяккасць і лірызм у вырашэнні вобразаў, дзіўная далікатнасць колеравага рашэння, дбайнасць працы, уменне простымі прыёмамі з самага даступнага матэрыялу ствараць сапраўдныя шэдэўры.

З экспазіцыі музею
З экспазіцыі музею

За бягучымі выставамі і мерапрыемствамі філіяла сачыце ў навінах на нашым сайце!

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні