Іконы Веткі. Спас Нерукатворны. Творы са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава

Іконы Веткі. Спас Нерукатворны. Творы са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

5 верасня 2024 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працу выстава «Іконы Веткі. Спас Нерукатворны. Творы са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава».

Выставачны праект з’яўляецца вынікам шматгадовых даследаванняў тэмы «Вобраз Спаса Нерукатворнага ў мастацтве Веткі» супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Увазе гледача прадстаўлены збіральніцкі, экспедыцыйны, рэстаўрацыйны, навукова-даследчы і мастацкі досвед вывучэння вобраза.

Пачатыя яшчэ ў 1979 г., у перыяд паездак з заснавальнікам музея Ф. Р. Шкляравым, даследаванні паспяхова працягваюцца і сёння. Больш за сорак гадоў гэтая займальная праца суправаджаецца новымі адкрыццямі, якімі дзеляцца з наведвальнікамі супрацоўнікі музея.

У экспазіцыі прадстаўлены звыш 40 ікон, металічныя і шытыя бісерам аклады, творы меднага мастацкага ліцця, прорысі на паперы, рукапісныя кнігі, ручнікі. Канцэпцыю выставачнага праекта складаюць і раскрываюць яе дадатковыя сэнсы даматканыя палотны, узорыстыя шалі, куфры і іншыя прадметы побыту стараабраднікаў.

Прыгажосць і таямніца выявы Спаса Нерукатворнага, гэтага «першага абраза» і «першага партрэта Хрыста», прыцягвае мастакоў многіх стагоддзяў. Веткаўская «Атлантыда» ўнікальна і шматгранна распрацоўвала гэтую тэму, уносячы, як заўсёды, сваё слова. Старажытны тэкст і яго «чытач» з XXI ст. – дыялог культур – вось звышзадача экспазіцыі і аўтарскай канцэпцыі.

Метадам экспанавання твораў стаў выпрацаваны за гады стыль Веткаўскага музея. Гэта – «апісанне культуры ў тэрмінах прасторы». Улічваючы, што аб’ектам семіятычных трактовак выступае мастацкі вобраз, яго жыццё ў візуальным тэксце самой іконы заключаецца ў візуальна прадстаўленых кантэкстах-наратывах. У маляўнічым увасабленні «Спаса Нерукатворнага» закладзена і таямніца «вапного устроения», гэта значыць прынцыпаў каларыту старажытнага жывапісу. Стрыжнем выставачнай прасторы выступае выява «Шлях мастака Ананіі», пэндзлю якога належала першая выява Збавіцеля.

Гісторыя нерукатворнага вобраза прасочваецца ад яго ўсталявання над брамай горада Эдэсы па распараджэнні вылечанага цара Аўгара да ролі абраза Спаса ў храме. Гледачу раскрываюцца яе візантыйскія карані і абазначаецца канфесійная «пазнака» гэтага сюжэту ў стараабрадніцкіх тлумачэннях. На прыкладзе сакральных твораў музея выяўляецца спадчына наўгародскіх і пскоўскіх, яраслаўскіх і маскоўскіх традыцый у веткаўскай школе іканапісу.

Асаблівы тэматычны блок выставы ілюструе ролю Спаса Нерукатворнага ў кампазіцыйнай пабудове саміх ікон – у дамавых мадэлях-мікракосмах і ў шматчасткавых цалебніках.

Адлюстравана ў экспазіцыі гісторыя ўнікальнай іканаграфіі з «платам Веранікі» і прынцыпы музыкі барока ў веткаўскай кампазіцыі «Паходжанне вобраза».

Па задуме аўтараў, экспазіцыя адлюстроўвае містыку старажытнага вобраза і яго домабудаўнічую ролю, ідэю зямнога ўвасаблення, «сыходжання раю», аж да шытай «рызы» на абраз, шаўковай шалі і размаляванага куфра сялянскага жылля – прасторы, дзе жыў гэты любімы на Ветцы святы вобраз.

5 верасня 2024 г. а 17-й гадзіне адбудзецца культурна-асветніцкае мерапрыемства з удзелам кіраўніцтва і супрацоўнікаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Выстава будзе працаваць да 27 кастрычніка 2024 года. 

Аўтар канцэпцыі – мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Нячаева Галіна Рыгораўна.

Куратар выставы – загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Карпенка Алена Уладзіленаўна.

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30