Працяг сямейных традыцый. Марыя Васільеўна Ляпіна-Паленава

Працяг сямейных традыцый. Марыя Васільеўна Ляпіна-Паленава

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

У музеі В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве з 17 лістапада 2022 года пачынае працу выстава “Працяг сямейных традыцый. Марыя Васільеўна Ляпіна-Паленава” з фондавай калекцыі Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-мастацкага і прыроднага музея-запаведніка В. Д. Паленава.

Марыя Васільеўна Ляпіна (1891–1976) – сярэдняя дачка Наталлі Васільеўны і Васіля Дзмітрыевіча Паленавых. Нарадзілася 6 (19) красавіка ў Маскве. У 1909 годзе скончыла з залатым медалём маскоўскую жаночую Алфёраўскую гімназію і ў тым жа годзе паступіла на жаночыя сельскагаспадарчыя курсы, якія скончыла ў 1911 годзе.

Марыя Васільеўна – чалавек няпростага і нялёгкага лёсу. У маі 1913 года яна выйшла замуж за Уладзіміра Эмільевіча Морыца, філолага і мастацтвазнаўцу. У 1914 годзе ў Морыцаў у Маскве нарадзілася дачка Марына. Але гэты шлюб хутка распаўся. У 1920 годзе В. Э. Морыц пакінуў сям’ю. Застаўшыся ўдваіх з дачкой, Марыя Васільеўна паступіла на працу як швачка-вышывальшчыца ў атэлье знакамітай маскоўскай краўчыхі Надзеі Пятроўны Ламанавай.

Але жыць у Маскве было маральна цяжка: хацелася быць далей ад чалавека,які здрадзіў. І ў 1924 годзе, атрымаўшы благаслаўленне родных, Марыя Васільеўна з дачкой з’ехала ў Парыж, які стаў яе домам на ўсё жыццё. Цудоўны мастацкі густ, уменне шыць далі магчымасць хоць трохі зарабіць на жыццё.

У чэрвені 1926 г. Марыя Васільеўна выйшла замуж за Аляксандра Мікалаевіча Ляпіна, у мінулым выпускніка філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, які па волі лёсу таксама апынуўся ў Францыі. Праз год у іх нарадзіўся сын Аляксандр. У чэрвені 1941 года Аляксандр Мікалаевіч Ляпін, як і многія іншыя рускія ў Парыжы, быў арыштаваны і адпраўлены ў канцлагер. 27 ліпеня 1944 года ён цяжка захварэў і памёр у парыжскім шпіталі.

У 1930 годзе сям’я распалася. Марыя Васільеўна засталася з двума дзецьмі. Але яна працягвала самааддана працаваць, адначасова займаючыся выхаваннем дзяцей.

Але не адной працай і клопатамі быў запоўнены час Марыі Васільеўны. Яго хапала і на творчасць. Яе мастакоўская дзейнасць у гэтыя гады была асабліва актыўная і разнастайная. Яна паспяхова асвойвае новыя віды мастацкага рамяства. Усё створанае – арыгінальнае і разумнае.

Створаныя па ўласных эскізах вышыўкі вытанчаных кветкавых букетаў і яе мастацкія аплікацыі на тканіне выдатныя.

І думкамі, і творчасцю звязаная з Расіяй, Марыя Васільеўна вельмі ўважліва сачыла за мастацкім і літаратурным жыццём Францыі. Добра ведаючы французскую мову, чытала шмат не толькі класіку, але і творы сучаснай французскай і замежнай літаратуры.

Амаль 10 гадоў Марыя Васільеўна ставіла спектаклі кітайскіх ценяў. У рэпертуары былі французскія народныя песні, а падчас нямецкай акупацыі ставіліся рускія казкі, напрыклад “Канёк-Гарбунок” П. П. Яршова, інсцэніроўкі паэм А. С. Пушкіна.

З 1955 года захапляецца лялечным тэатрам: робіць лялек з пап’е-машэ, шые ім касцюмы, малюе дэкарацыі, далучае да гэтай справы пляменніцу Дэніз Вебер. Створаны спектаклі: “Пеця і воўк” С. С. Пракоф’ева, “Пунсовая кветачка”, “Салавей” Г. Х. Андэрсана; у залежнасці ад публікі прадстаўленніпраходзілі на рускай ці французскай мовах.

У 1968 годзе прыйшло новае захапленне – мяккай цацкай. Па ўласных выкрайках да апошніх дзён свайго жыцця Марыя Васільеўна рабіла добрых, чароўных звяркоў. Яна прыняла ўдзел больш як у трыццаці выставах-продажах у Францыі, якія прынеслі ёй поспех.

Не стала Марыі Васільеўны 30 красавіка 1976 года. Была пахавана на рускіх могілках Парыжа – Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа. Па жаданні сына Марыя Васільеўна Паленава-Ляпіна была перапахавана ў Расіі 22 снежня 2007 г. на высокім беразе Акі, на могілках у вёсцы Бёхава, побач з магілай бацькоў.

На выставе можна пазнаёміцца з усімі відамі мастацкага рамяства Марыі Васільеўны. Вы зможаце пераканацца, што ва ўсіх працах Марыі Васільеўны выяўляюцца густ, прыгажосць, пачуццё мастацкай меры.

Работа выставы працягнецца 
да 22 студзеня 2023 года

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30