Успенне Маці Божай

Успенне Маці Божай

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

28 жніўня 2025 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Леніна, 20а) адкрываецца выстаўка абраза з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – “Успенне Маці Божай” XVIII в., прымеркаваная да свята Успення Прасвятой Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі.

28 жніўня праваслаўная царква адзначае Успенне Прасвятой Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі.

Іканаграфія Успення склалася ў XI стагоддзі на аснове апакрыфічных тэкстаў і павучанняў Святых Айцоў. Здаўна існавалыя паданні аб Успенні адрозніваюцца ў апісанні падзеі. У традыцыйнай для візантыйскага і старажытнарускага мастацтва схеме ў цэнтры знаходзіцца выява Маці Божай на ложы, вакол якога – смуткуючыя апосталы і Ісус Хрыстос з душой Марыі ў выглядзе спавітага немаўляці. Часта ў сцэне Успення разам з апосталамі адлюстроўваліся два ці чатыры біскупы, якія, па паданні, прысутнічалі пры Успенні Маці Божай. У іканаграфіі існуюць два варыянты гэтага сюжэту: кароткі і пашыраны. У пашыранай схеме кампазіцыі вылучаецца некалькі эпізодаў, якія яе ўтвараюць: уласна Успенне Маці Божай з фігурай Хрыста і апосталамі, цуд з адсячэннем рук Аўфоніі, прыбыццё апосталаў «на облацэх», узнясенне Маці Божай на неба, эпізод з апосталам Фамой, плачучыя іерусалімскія жонкі.

Абраз з калекцыі НММ РБ уяўляе кароткі звод іканаграфічнай схемы Успення, які характарызуецца шэрагам асаблівасцяў. У цэнтры кампазіцыі на ложы ляжыць Маці Божая. Яе ложа заслана белым покрывам, упрыгожаным пышнымі букецікамі з чырвоных, сініх і ружовых кветак. Вакол стаяць басаногія апосталы (заўважым, што іх толькі адзінаццаць), злева – Пётр з кадзілам (адлюстраванне ў некаторых помніках апостала Пятра з кадзілам у руцэ паказвала, верагодна, на каджэнне святых дароў у літургіі), справа – апостал Павел. Апосталы, акрамя аднаго, прадстаўлены ў німбах. Цікавасць выклікае выява апостала з кветкай лілеі. У адрозненні ад старажытных ікон, дзе над ложам у бліскучай мандорле ўзвышаецца Хрыстос з душой Маці Божай у руках, тут змешчаны два свяціцелі, а Ісус з душой Марыі ўзносіцца на нябёсы, прычым арэол вакол Яго адсутнічае. Часцей за ўсё на візантыйскіх і рускіх помніках Хрыстос адлюстроўваўся франтальна, трымаючы душу Маці Божай двума рукамі. На прадстаўленым творы Ён паказаны ў развароце і благаслаўляе Маці Божую, якая ляжыць на ложы.

Сцэну фланкіруюць высокія будынкі з паўкруглымі вокнамі, якія нагадваюць аб месцы падзеі – доме Іаана Багаслова ў Іерусаліме, у Сіёнскай святліцы, дзе раней адбылося Сашэсце Святога Духа на апосталаў. За кошт гэтых архітэктурных комплексаў на другім плане арганізавана ўнутраная прастора кампазіцыі, якая вызначаецца яснасцю і ўраўнаважанасцю. Іканапісец надзяляе персанажаў партрэтнымі характарыстыкамі, раскрывае іх душэўны стан праз жэсты рук, міміку. У вытанчанай каларыстычнай пабудове абраза, заснаванай на спалучэнні празрыстых шэра-блакітных, ружовых тонаў і золата німбаў, а таксама тонка дэталізаванай аконнай ляпніне прасочваецца ўплыў стылю ракако.

Выстаўка будзе працаваць да 8 верасня 2025 года.

Куратар выстаўкі – Сысоева Любоў Львоўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. 

іншыя выставы
СЯМЁН ГЕРУС. ДА 100-ГОДДЗЯ МАСТАКА
СЯМЁН ГЕРУС. ДА 100-ГОДДЗЯ МАСТАКА

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Шчасцю – быць!
Шчасцю – быць!

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Перад красой тваёй маўчаць
Перад красой тваёй маўчаць

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Богаяўленне (Хрышчэнне)
Богаяўленне (Хрышчэнне)

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь