Імя Віктара Кірылавіча Барабанцава добра вядома знатакам выяўленчага мастацтва як у нашай краіне, так і за яе межамі. Выпускнік аддзялення манументальнага жывапісу, вучань народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Стэльмашонка, Барабанцаў з’яўляецца адным з вядучых прадстаўнікоў рэалістычнага напрамку ў сучасным беларускім жывапісе.
Нягледзячы на тое, што Віктар Барабанцаў — выпускнік аддзялення манументальнага жывапісу, у цяперашні час ён аддае перавагу пленэрнаму жывапісу, таму большасць работ, прадстаўленых на выставе, — пейзажы. Пейзаж — вельмі актуальны жанр у сучасным жывапісе, таму што дапамагае гледачу пашырыць гарызонты ўспрымання свету, выводзіць чалавека за жорсткія рамкі манатонных працоўных будняў гарадскога асяроддзя.
Сярод асаблівасцей пейзажаў Віктара Барабанцава можна вылучыць дакладнасць кампазіцый і выключную ўвагу да дэталяў. Кампазіцыі твораў майстра так выразна пабудаваны, што фрагменты пейзажаў можна ўспрымаць як самастойныя, завершаныя творы. Размяшчэнне нават невялікіх дэталяў старанна прадумана, і кожная з іх скрупулёзна выпісана, дзякуючы чаму на карціне ўзнікае эфект рэальнасці адлюстраванага. А мяккая, пастэльная колеравая гама і павольная, цякучая пластыка ліній ствараюць асобы настрой — лірычны, але далёкі ад пастаральнасці і замілавання. Жывапісец, працуючы ў непасрэдным кантакце з натурай, успрымае і перадае на палатне ледзь прыкметныя адценні і паўтоны навакольнага свету, ператвараючы сваё субъектыўнае ўспрыманне ў “аб’ектыўнае” быццё ўзноўленага на карціне свету.
Творчасць Віктара Барабанцава прасякнута непадробнай цікавасцю да гістарычнага мінулага Беларусі, культурных традыцый нашага народа. Кожная карціна вылучаецца не толькі сюжэтам, але і глыбінёй, фарматам, прасторай, якія ствараюць атмасферу гістарычнасці. Старадаўнія гарады, гістарычна значныя месцы, хрысціянскія храмы рэгулярна знаходзяць сваё ўвасабленне на палотнах майстра. Асобае месца ў жывапісе Віктара Барабанцава займае тэма беларускіх народных свят. Купалле, Каляды, Гуканне вясны — пастаянныя сюжэты яго палотнаў. Уводзячы ў пейзаж гістарычную атмасферу, майстар стварае арганічны сплаў прыроды, культурнай традыцыі і сучаснасці, якія суіснуюць разам у прасторава-часавым адзінстве.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь
Віктар Кірылавіч Барабанцаў нарадзіўся 28 жніўня 1947 года ў Гомелі. У 1968 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1978 годзе – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў М. Р. Залознага, Г. Х. Вашчанкі, У. І. Стэльмашонка. Працуе ў станковым і манументальна-дэкаратыўным жывапісе. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2018). Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (1999), медалём Францыска Скарыны (2010), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2012). Лаўрэат прэміі прафсаюзаў Беларусі (1990), прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2001). Творы В. К. Барабанцава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў в. Цімкавічы Мінскай вобласці, фондах Беларускага саюза мастакоў, у прыватных калекцыях Бельгіі, Вялікабрытаніі, Кіпра, Нідэрландаў, Польшчы, ЗША, Швецыі.
Куратар выставы – Франц Корзун, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела
Работа выставы працягнецца
да 11 верасня 2022 года