На ёй прадстаўлены творы старажытнабеларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва XVII–XX стст. са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі рэстаўрацыю за 2010–2021 гг.
Прыярытэтнай з’яўляецца работа па адраджэнні помнікаў беларускага іканапісу, алтарнага жывапісу, скульптуры і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтыя творы, дастаўленыя ў музейныя сховішчы з экспедыцый, як правіла, знаходзіліся ў цяжкім стане захаванасці, бо былі зняты з гарышчаў храмаў, закінутых званіц, сутарэнняў касцёлаў. Прайшоўшы пачатковую кансервацыю, многія з іх гадамі чакалі сваёй чаргі на паўнацэнную рэстаўрацыю.
Самы ранні з паказаных на выстаўцы твораў “Анёл з лірай” датаваныпа часе афармлення інтэр’ера касцёла Дабравешчання ордэна святой Брыгіты ў Гродне 1642–1649 гг., дзе ўпрыгожваў парапет балкона для аргана. Яго драўляная аснова была расколата на часткі, страчана абрамленне, жывапіс пашкоджаны. Намаганнямі рэстаўратараў пано набыло экспазіцыйны стан.
Нярэдка выяўленыя ў храмах абразы мелі патрэбу ва ўмацаванні фарбавага слоя неадкладна, да транспарціроўкі. Так, абраз “Пакроў” XVIII ст. з Холхлава Мінскай вобласці быў заклеены падчас экспедыцыі мікалентнай паперай. Стан твора ў той момант не дазволіў супрацоўнікам музея вызначыць сюжэт абраза да пачатку рэстаўрацыі. Нягледзячы на вялікі працэнт страт, на падставе раскрытых фрагментаў можна сцвярджаць, што музейная калекцыя набыла твор высокага мастацкага ўзроўню.
У экспазіцыі прадстаўлены арнаты, у якіх выкарыстаны фрагменты паясоў Радзівілаўскай мануфактуры, што дзейнічала пад кіраўніцтвам Яна і Лявона Маджарскіх у XVIII – пачатку XIX ст. Спецыялістамі сектара рэстаўрацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва была праведзена каласальная работа па іх аднаўленні.
У калекцыі еўрапейскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прадстаўлены творы розных еўрапейскіх школ, стыляў і напрамкаў, што, безумоўна, улічваецца пры правядзенні рэстаўрацыйных работ. Сярод адроджаных твораў асаблівай увагі заслугоўваюць “Юдзіф і Алаферн”, датаваны канцом 1740–1750-х гг., нямецкага прыдворнага мастака князя-біскупа герцага Іагана Тэадора Баварскага (1703–1763) Іаганэса (Іагана) Цыка, а таксама “Менуэт у парку” аднаго з выбітных нямецкіх мастакоў XVIII ст. Даніэля Хадавецкага (1726–1801).
Пасля шматгадовай карпатлівай рэстаўрацыі на выстаўцы экспануецца малюнак “Пакланенне пастухоў” невядомага мастака XVII ст., як мяркуецца, фламандскай школы – адзін з найбольш ранніх помнікаў арыгінальнай графікі еўрапейскіх майстроў у музейнай калекцыі.
Гонарам збору музея з’яўляюцца калекцыі “Рускі жывапіс” і “Руская графіка” XVIII – сярэдзіны ХХ ст. Складаныя рэстаўрацыйныя працэсы прайшоў “Партрэт князя С. В. Гагарына” пэндзля невядомага мастака XVIII ст. Твораў рускіх мастакоў XVIII ст. у калекцыі музея не вельмі многа, таму ўказаны партрэт з’яўляецца адным з каштоўных экспанатаў. Рэстаўрыраваліся творы жывапісу і графікі XIX ст.: работы І. І. Айвазоўскага, У. Я. Макоўскага, І. П. Пранішнікава, А. І. Іванова (Галубога), Р. Ф. Фрэнца, Ф. А. Рубо, А. І. Мяшчэрскага.
Цяпер сваёй чаргі на рэстаўрацыю чакаюць яшчэ некалькі дзясяткаў твораў беларускага іканапісу і паліхромнай скульптуры, еўрапейскага і рускага жывапісу, графікі, скульптуры. Планамернае правядзенне рэстаўрацыйных работ дасць магчымасць увесці ў навуковы і экспазіцыйны ўжытак шэраг унікальных твораў нацыянальнага і замежнага мастацтва.