Выстава П. В. Масленікава «Ракурсы творчасці: зямля, вада, неба»

Выстава П. В. Масленікава «Ракурсы творчасці: зямля, вада, неба»

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

16 лютага 2024 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Ракурсы творчасці: зямля, вада, неба» народнага мастака Беларусі, выдатнага майстра лірыка-эпічнага пейзажа, тэатральнага жывапісца, мастацтвазнаўцы і таленавітага педагога Паўла Васільевіча Масленікава (1914–1995), прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння мастака.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 40 жывапісных твораў майстра з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака.

У беларускім выяўленчым мастацтве пасляваенных дзесяцігоддзяў галоўнае месца ў жанравай іерархіі займала тэматычная карціна. Мастаку таго часу трэба было валодаць пэўнай адвагай і бясспрэчным талентам, каб зрабіць пейзажны жанр асновай сваёй творчасці. І Павел Масленікаў бліскуча справіўся з гэтай задачай.

Цікавасць да спасціжэння прыгажосці роднага краю ўзнікла ў маэстра невыпадкова. Яшчэ ў гады вучобы ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме Павел Масленікаў напісаў вельмі шмат пейзажаў, эцюдаў. На жаль, усе гэтыя творы загінулі падчас вайны. Ужо ў пасляваенны перыяд больш за два дзесяцігоддзі жыцця ён прысвяціў працы ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў якасці мастака-пастаноўшчыка. Сваёй упартай працай, сапраўднай апантанасцю тэатрам Павел Масленікаў унёс вялікі ўклад у развіццё дэкарацыйнага мастацтва Беларусі. Аднак любоў да роднай прыроды, яе тонкай, някідкай, на першы погляд, але дзіўна лірычнай прыгажосці не пакідала яго і цяпер. Павел Масленікаў разумеў, што станковы жывапіс з’яўляецца неад’емнай часткай працы мастака-дэкаратара. І ён пісаў з натуры. Прынцып – ад натуры да дэкарацыі, тэарэтычнае асэнсаванне матэрыялу ў працы над афармленнем і зноў да натуры з мэтай паглыбленага яе ўспрымання – заставаўся вядучым у творчасці мастака. У 1960-я гады, калі Павел Масленікаў перастаў працаваць у тэатры, ён стаў значна больш часу надаваць рабоце над стварэннем самастойных пейзажных твораў. Менавіта ў наступныя тры дзесяцігоддзі майстрам былі створаны яго найлепшыя лірыка-эпічныя пейзажы, многія з якіх сталі сапраўднымі жамчужынамі беларускага жывапісу другой паловы ХХ стагоддзя.

Нягледзячы на вялікую службовую і грамадскую загружанасць Павел Масленікаў знаходзіў магчымасць з эцюднікам на плячы аб’ездзіць Індыю, Непал, Фінляндыю, Швецыю, Алтай і Карпаты, Прыбалтыку, Паволжа, Італію, Францыю і Егіпет; і, безумоўна, усе куткі роднай Беларусі. Мастак стварыў сапраўдны пейзажны летапіс сваіх вандровак.

Падводзячы вынік свайго творчага жыцця, Павел Васільевіч пісаў: «Доўгі шлях узыходжання мастака ў прафесійнае творчае жыццё праходзіць у глыбінях сацыяльнага жыцця народа, у бясконцым багацці яго духоўнага жыцця, духоўнага саюза нацый».

Выстава працягнецца да 21 красавіка 2024 года.

Куратары выставы – Сяліцкая Наталля Леанідаўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Запека Кацярына Генадзьеўна, старшы навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30