Яго ўзначаліла кандыдат мастацтвазнаўства Надзея Фёдараўна Высоцкая (пасля доктар навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР). Стварэнню новай навуковай структурнай адзінкі папярэднічалі шматлікія экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР па вывучэнні культавых помнікаў жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў каталіцкіх і праваслаўных храмах рэспублікі. Усяго музеем была арганізавана 81 навуковая экспедыцыя, дзе была выяўлена значная колькасць унікальных твораў старажытнабеларускага мастацтва. У выніку экспедыцыйнай дзейнасці ў музей паступіла каля дзвюх тысяч прадметаў гісторыка-мастацкага значэння. Былі сфарміраваны фактычна новыя калекцыі старажытнабеларускага жывапісу, драўлянай скульптуры і разьбы, старадрукаваных кніг, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па меры рэстаўрацыі і вывучэння твораў яны ўводзіліся ў навуковы зварот.
Супрацоўнікамі аддзела была праведзена даследчая работа па інвентарызацыі культавай маёмасці ў дзейных храмах у 1980–1989 гг. Быў сабраны шырокі навукова-факталагічны матэрыял аб мастацкіх каштоўнасцях, якія знаходзіліся на той перыяд у цэрквах і касцёлах Беларусі. У экспедыцыях бралі ўдзел навуковыя супрацоўнікі музея і іншых устаноў культуры Мінска, Масквы, Гродна, Магілёва – рэстаўратары, гісторыкі, фатографы.
Першыя маштабныя альбомы па старажытнабеларускім мастацтве выдадзены Н. Ф. Высоцкай: “Жывапіс Беларусі XII–XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт” (1980), “Пластыка Беларусі XII–XVIII стагоддзяў” (1983), “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII–XVIII стагоддзяў” (1984).
У цэлым аддзел займаецца вывучэннем асноўных відаў мастацтва Беларусі XII – пачатку XIX ст. (іканапіс, манументальны жывапіс і скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, старадрукі), а таксама Расіі (стараабрадніцкае меднае ліццё, руская ікона). Па гэтых тэмах апублікаваны некалькі манаграфій і больш за 200 навуковых артыкулаў, абаронены дысертацыі. Выдадзены каталогі калекцый: «Образ литой, старинный… Русское медное литьё XII–XX вв. в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь» (А. У. Карпенка, 2007); «Книги кирилловского шрифта XVII – начала XX в. в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь» (Г. У. Кірэева, Н. Я. Трыфанава, 2012).
Супрацоўнікі аддзела актыўна займаюцца правядзеннем выстаў як у Беларусі, так і за мяжой. Беларускія абразы дэманстраваліся ў Ватыкане, Венгрыі, Італіі, Іспаніі, Ліхтэнштэйне, Расіі, Украіне. Апублікаваны каталогі асноўных выстаў: “Беларусь. Грань паміж небам і зямлёй. Іконы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (2004), “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі” (2008); “Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стст.” (2009); “Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў іканаграфіі краін Усходняй Еўропы” (2015); “Іканапіс і алтарны жывапіс Беларусі XVI – пачатку XIX стагоддзя ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (2021).
Спецыялісты аддзела ўдзельнічаюць у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях. Яны вядуць педагагічную работу ў ВНУ сталіцы: чытаюць лекцыі па гісторыі мастацтваў і рэстаўрацыі; кіруюць дыпломнымі работамі і практыкай студэнтаў; аказваюць кансультацыі па навуковай тэматыцы аддзела; выконваюць мастацтвазнаўчую экспертызу па зваротах дзяржаўных арганізацый і прыватных асоб. Супрацоўнікамі распрацаваны цыклы папулярных лекцый па гісторыі беларускага мастацтва XI–XVIII стст., тэхніцы і тэхналогіі жывапісу, гісторыі рэстаўрацыі і атрыбуцыі помнікаў мастацтва.
З 2007 па 2010 год супрацоўнікі аддзела працавалі над стварэннем экспазіцый філіяла музея – Мірскага замка (з 2011 г. – Музей “Замкавы комплекс “Мір”). У якасці спецыялістаў-кансультантаў прыцягваліся вядомыя беларускія вучоныя ў галіне ваеннай гісторыі, матэрыяльнай культуры, археалогіі, замкавай архітэктуры. У выніку сумесных намаганняў у 2010 г. музей адкрыўся для наведвальнікаў.
У аддзеле старажытнабеларускага мастацтва працавалі такія выдатныя спецыялісты, як Аляксандр Адамавіч Ярашэвіч (1940–2016), кандыдат мастацтвазнаўства, спецыяліст у галіне беларускага іканапісу, скульптуры, гістарычнага партрэта. Аўтар больш за 200 публікацый, у тым ліку альбома “Музей старажытнабеларускай культуры” (2004), кніг, прысвечаных гісторыі беларускіх храмаў, манастыроў і асобных абразоў, пастаянны ўдзельнік канферэнцый у Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы, Украіне. На яго рахунку дзясяткі атрыбуцый твораў музейнай калекцыі, мноства артыкулаў у спецыялізаваных часопісах. З 2008 па 2014 год працаваў Іван Іванавіч Сінчук – вядучы навуковы супрацоўнік, гісторык, археолаг і нумізмат. У 1981 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыялізацыі “дапаможныя гістарычныя дысцыпліны”, супрацоўнік інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя», кіраўнік прац па шэрагу аб’ектаў: даследаваў архітэктурна-археалагічныя помнікі на тэрыторыі Мазыра, Магілёва, Быхава, Нясвіжа, Кобрына. Браў удзел у археалагічных раскопках Мсціслаўля, Роўна, Гродна, Вільнюса, Тракая, Калінінграда, Ленбарка, Навагрудка і інш. У 1992 г. скончыў аспірантуру Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Даследуе гісторыю грашовага абарачэння, тэхніку манетнай справы IX–XX стст., гісторыю матэрыяльнай культуры XVI–XX стст. Выкладаў дапаможныя гістарычныя дысцыпліны па спецыяльнасці “музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Аўтар каля 800 апублікаваных навуковых прац і 200 энцыклапедычных артыкулаў. І. І. Сінчук вырашыў шэраг праблем, звязаных з рэстаўрацыяй Мірскага замка, удзельнічаў у стварэнні некалькіх экспазіцый. З 2017 па 2022 г. у аддзеле працаваў Юрый Аляксандравіч Піскун, вядучы навуковы супрацоўнік, мастацтвазнаўца. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, у 1980 г. – аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Браў удзел у музейных экспедыцыях як даследчык царкоўнага мастацтва. У 2005 г. прысвоена званне дацэнта па спецыяльнасці “мастацтва”, прафесар кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Займаецца гістарычным партрэтам, беларускім іканапісам.
У 3-томнай энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае” (2005–2010) тром супрацоўнікам аддзела – Н. Ф. Высоцкай, І. І. Сінчуку, А. А. Ярашэвічу – прысвечаны навуковыя артыкулы.
Таксама ў аддзеле ў розныя гады працавалі: І. У. Асташова, К. У. Барабанаў, В. Я. Брыгадная, Т. У. Дашкоўская, У. Р. Карэлін, Г. У. Кірэева, В.М. Арэшка, Н. В. Свінцова, А. А. Скеп’ян, А. В. Сцяпанава, В. А. Сычоў, Н. М. Усава, І. Л. Чэбан, А. А. Шпунт, Д. Л. Яцкевіч.
Працуе ў аддзеле з 1980 г., захавальнік пастаяннай экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва. Скончыла факультэт гісторыі і тэорыі выяўленчых мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна Расійскай акадэміі мастацтваў. Прымала ўдзел у навуковых экспедыцыях (1978–1989).
Удзельнічала ў арганізацыі выстаў беларускага іканапісу ў Іспаніі, Італіі, Украіне. Стажыравалася ў Францыі па тэме еўрапейскага ткацтва. Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2007). Кола навуковых праблем: беларускі партрэтны жывапіс XVII–XVIII стст., мастацкія тканіны мясцовай і заходнееўрапейскай вытворчасці, рускае меднае ліццё, мастацкі метал.
Працуе ў аддзеле з 1983 г. У 1983 г. скончыла факультэт тэорыі і гісторыі выяўленчых мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна Расійскай акадэміі мастацтваў. З 1996 г. – захавальнік фонду старадрукаў, з 1997 г. – вядучы навуковы супрацоўнік. Пасля заканчэння аспірантуры пры Дзяржаўным Эрмітажы ў 1998 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Сценапіс Усходняй Беларусі XVII–XVIII стст.”.
Н. Я. Трыфанава прымала ўдзел у навуковых экспедыцыях музея ў 1983–1989 гг. Яна адна з нямногіх спецыялістаў у Беларусі па сярэднявечным мастацтве са шматгадовым стажам, мае дзясяткі публікацый у музейных зборніках і іншых выданнях, у тым ліку звязаных з даследаваннем асобных экзэмпляраў і груп кніг са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца дацэнтам кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У сааўтарстве з супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Г. У. Кірэевай апублікавала каталог кніг кірылічнага друку ў зборы музея. Працуе над каталогам рускага іканапісу XVII–XIX стст.
У 2000 г. скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кафедра этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў. У 2008 г. – аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі імя К. Крапівы.
Працуе над кандыдацкай дысертацыяй на тэму “Рэгіянальныя асаблівасці іканапісу Беларусі XVI–XVIII стст.”. Мае шэраг публікацый па гісторыі беларускага іканапісу.
У 2010 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “гісторыя (этналогія)”. У 2011 г. скончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “этнаграфія, этналогія, антрапалогія” і абараніў магістарскую дысертацыю, працуе ў музеі з 2012 г.
З’яўляецца сакратаром атрыбуцыйнага савета і членам рабочай групы па арганізацыі і кантролі музеефікацыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Аспірант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры НАН Беларусі. Вывучае беларускі жывапіс канца ХVІІІ – першай паловы ХІХ ст., спецыялізуецца ў галіне творчасці Яна Дамеля.
Скончыў у 2011 г. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства. У 2013 г. – магістратуру па спецыяльнасці “музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў”. Прысвоена ступень магістра культуралогіі. У 2017 г. скончыў аспірантуру. Захавальнік фонду старажытнабеларускай скульптуры.