Пра дасягненні рэалістычнага галандскага мастацтва XVII стагоддзя ў калекцыі музея дазваляюць меркаваць творы “Зіма” (1687) і “Лета” (1689) Томаса Херэманса (1640–пасля 1699), які нарадзіўся і большую частку жыцця працаваў у Харлеме. Томас Херэманс быў вучнем Цэзара ван Эвердынгена (1606–1679) і паслядоўнікам Класа Маленара (1630–1676), у 1664 годзе стаў членам гільдыі св. Лукі ў Харлеме. Мастак праславіўся сваімі шматлікімі зімовымі і летнімі пейзажамі з відамі каналаў.

Галандскія мастакі XVII стагоддзя пільна і з любоўю паказвалі навакольны свет, запазычваючы сюжэты для сваіх карцін з паўсядзённага жыцця. Партрэты сучаснікаў, будзённая рэчаіснасць, адлюстраванне розных прадметаў і жывёл – усё стала здабыткам мастацтва і набыло для галандскіх майстроў асаблівую эстэтычную каштоўнасць.

Для пейзажыстаў Галандыі ў XVII стагоддзі не існавала эфектных ці неэфектных матываў прыроды, яны фіксавалі тыповае і звычайнае для сваёй радзімы: пустынныя выдмы, сціплыя паселішчы, каналы, па якіх ціха слізгаюць лодкі рыбакоў ці тыя ж каналы ўзімку, ажыўленыя канькабежцамі. Такімі з’яўляюцца панарамныя пейзажы Томаса Херэманса “Зіма” і “Лета” з калекцыі музея. У іх мастак імкнецца не столькі захаваць непасрэднае ўражанне гледача, колькі падкрэсліць тыповыя рысы роднага Харлема. Гэта сапраўдныя “партрэты” пэўнай мясцовасці, напісаныя так, што нараджаецца вобраз краіны ў цэлым – сціплай па фарбах і разам з тым прывабнай сваёй стрыманасцю і прастатой. Мяккае роўнае святло падкрэслівае раўназначнасць усяго, адлюстраванага мастаком, – высокага неба, ракі, пакрытай лёдам, архітэктурных збудаванняў і людзей, занятых звычнай справай.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30