Вольга Крупянкова — вядомы мастак-графік, працуе ў галіне станковай графікі, кніжнай ілюстрацыі і экслібрыса. У экспазіцыі прадстаўленыя творы ў жанры экслібрыса, выкананыя ў тэхніцы літаграфіі.
Экслібрыс — гэта кніжны знак. На працягу стагоддзяў экслібрыс прайшоў доўгі шлях развіцця ад звычайнага штампа з імем уласніка да складанай сюжэтна-дэкаратыўнай кампазіцыі і пераўтварыўся ў самастойны жанр выяўленчага мастацтва. Сучасны экслібрыс не толькі абазначае прыналежнасць кнігі, але і можа выяўляць характар уласніка, яго прафесійныя інтарэсы і асабістыя прыхільнасці.
Беларуская школа экслібрыса мае даўнія традыцыі. Прататыпам экслібрыса ў Беларусі можна лічыць друкарскі знак з выявай Сонца і Месяца ў кнігах Францыска Скарыны. Але актыўнае развіццё экслібрыса як мастацкага жанра пачалося ў Беларусі ў 1920-х гадах. Сёння беларуская школа экслібрыса набыла сусветную вядомасць, мастакі з Беларусі неаднаразова станавіліся прызёрамі міжнародных конкурсаў экслібрыса.
У экспазіцыі прадстаўленыя творы на тэмы казачных сюжэтаў (“Аліса ў Цудазем’і”, “Снежная каралева”, “Шчаўкунок” і інш.).
Экслібрысы Вольгі Крупянковай на казачныя тэмы прасякнутыя радасцю пазнання загадкавага, трохі палохаючага, але надзвычай цікавага свету, адчуваннем жыцця як чароўнай казкі і захапляючай прыгоды. Яны прывабліваюць не толькі фантастычным зместам, але і кампазіцыйнай складанасцю, спалучэннем рознамаштабных аб’ектаў, якое стварае складаны, але цалкам пазнавальны вобраз.
Вольга Генадзеўна Крупянкова нарадзілася ў 1969 годзе ў Мінску. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (1988) і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (1995). Жыве ў Мінску, старшы выкладчык кафедры малюнка, акварэлі і скульптуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (з 2015 года). Удзельніца шэрага рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1999 года.
Творы аўтара знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным мастацкім музеі, а таксама ў галерэях і прыватных зборах Беларусі і іншых краін.
Часовая экспазіцыя працуе да 20 снежня 2026 года.
Куратор часовай экспазіцыі — Корзун Франц Валер’евіч, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.