Упершыню ў 2023 годзе Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у Міжнародным міжмузейным праекце “Увесь свет – тэатр!”, які праходзіць 14-ы раз пад патранажам Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі (г. Санкт-Пецярбург, Расія).
Удзельнікам конкурсу было прапанавана прасачыць непарыўную ўзаемасувязь розных рэлігійных вераванняў з тэатральным мастацтвам.
З даўніх часоў яркія тэатральныя традыцыі мелі шырокае распаўсюджанне ў культурах па ўсім свеце. Напрыклад, егіпецкія жрацы шырока выкарыстоўвалі тэатралізаваныя эфекты ў сваёй рытуальнай практыцы. У Старажытнай Грэцыі тэатры існавалі як адзін з відаў услаўлення бога Дыяніса, у гонар якога ставіліся трагедыі і камедыі. Зараджэнне еўрапейскага тэатра звязваюць з узнікненнем літургічнай драмы і батлеек. Тэатры краін Усходу дзівілі гледачоў сваёй разнастайнасцю: індыйскія лялечныя і драматычныя паказы распавядалі аб індуісцкіх бажаствах, а японскія пастаноўкі ўключалі не толькі рытуальныя сцэны, але і сапраўдныя элементы баявых мастацтваў.
Юныя мастакі ад 5 да 16 гадоў пазнаёміліся з антычным эпасам, славянскімі казкамі і легендамі, міфалогіяй краін Усходу, паразважалі пра разнастайнасць форм і сюжэтаў і адлюстравалі свае ўражанні ў мастацкіх работах.
У залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з 17 жніўня па 4 верасня 2023 года будуць экспанавацца дзіцячыя работы, якія прынялі ўдзел у Міжнародным праекце “Увесь свет – тэатр!”.
Падрабязней