КАБIНЕТНЫ МАСТАК. ТВОРЧАСЦЬ АЛЯКСАНДРА ДЗЯМАРЫНА

Гэты артыкул быў падрыхтаваны да  каталога юбілейнай выстаўкі Аляксандра Дзямарына, прысвечанай  60-й гадавіне з дня яго нараджэння. На жаль, тады каталог так і не выйшаў. Можна было б пачакаць наступнага юбілею (Аляксандру Дзямарыну споўніцца 70 гадоў у 2008 г.), але, здаецца, Аляксандр Дзямарын варты асаблівай размовы і без гэтай нагоды. Цікавасць да папярэдняга пакалення мастакоў савецкага часу, калі яны не юбіляры ці не “пры ўладзе”, зараз невялікая: тым больш што Дзямарын ужо актыўна не выстаўляецца, яго творы даўно не набываюць музеі. У Нацыянальным мастацкім музеі няшмат работ з творчай спадчыны мастака: усяго сем графічных твораў. Гэта ілюстрацыі да рамана І. Мяло “Раскол” (1974, туш, пяро, 12х10,8; 11,5х10), два аркушы да рамана А. Талстога “Хождение по мукам” (1972, 20х16, 15х12,3; туш, пяро) і графічны аркуш “Стыгальшчыца Валя Кісня.” (1977, папера, аловак, 63х44).

Тым не менш, гэтая невялікая калекцыя добра адлюстроўвае яго дзейнасць як ілюстратара, пік  якой  як раз прыпадае на 1960–1970-я гг., – эпоху гэтак званай “стагнацыі”, якая нейкім дзіўным чынам супадае з росквітам беларускай нацыянальнай школы графікі. Тэматыка творчасці Дзямарына ў сваёй большасці прадыктавана ідэялагізаванай эстэтыкай часу – ленінская і ваенная тэмы, праца савецкага чалавека, ілюстрацыі да беларускай прозы і паэзіі.

Лягчэй за ўсё навесіць на яго ярлык “мастака другога  плана” і “здаць у архіў” да лепшых часоў. Нешта перашкаджае зрабіць так. Гэта пакаленне савецкіх беларускіх мастакоў, ужо амаль выштурхнутае з мастацкага жыцця больш маладзейшым, з яго новым светаадчуваннем і новай эстэтыкай, адпаведнай сучасным часам, якое ўжо само займаецца жорсткім самааналізам, расстаўляючы “кропкі над “і” – з болем, горыччу і расчараваннем. Новае мысленне маладых, якія не ведаюць пра старыя часы, яшчэ не гатова прыняць як данасць іх мастацкую ангажаванасць (натуральную і шчырую для многіх), але і самі яны ўжо не ўключаюць у каталогі творы паводле замоў на “ленінскія” тэмы. Крытэрыі сапраўднага мастацтва – галоўнае і найбольш балючае для іх пытанне, бо гэта звязана з вынікамі і высновамі ўсяго творчага жыцця…

Нягледзячы на адсутнасць вялікага “адыходу”, убачыць іх творчасць можна з іншага боку: “мастак у прапанаваных абставінах” і “мастак эпохі застою ў кантэксце пачатку ХХI ст.”. Чым жывуць гэтыя мастакі сёння? Якія іх мастацкія ідэалы? Творчасць Аляксандра Дзямарына ідэальная па тыповасці для такога аналізу.

Валжанін Аляксандр Дзямарын жыве ў Мінску ўжо 40 гадоў. На Беларусь трапіў выпадкова, як і многія ў тыя гады: пасля няўдалай спробы паступлення ў Акадэмiю мастацтваў у Ленінградзе (“Там мяне пракацілі, хаця прафесару Арэшнікаву мае малюнкі спадабаліся”, – успамінае ён). У 1957 г. паступіў у малады Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, пасля заканчэння – ажаніўся, атрымаў кватэру ў “доме мастакоў на Сурганава” – гэта значыць трывала ўрос у тутэйшую глебу: “Беларусь прыняла мяне і стала другой радзімай”. Хаця з гадамі ён стаў больш адчуваць і падкрэсліваць свае рускія карані.

Творчасць і шлях яго выразна дзеляцца на тры добра акрэсленыя перыяды. Гэта гады станаўлення і першых поспехаў (1966–1979), калі мастак пасля заканчэння БДТМІ восем гадоў выкладаў у alma-mater малюнак, “плотна” супрацоўнічаў з выдавецтвамi і ўдзельнічаў у шматлікіх выстаўках. У тое дзесяцігоддзе з’яўляюцца працоўныя серыі “Камвольшчыцы”, “Нараджэнне тканіны”, зробленыя па замовах для “пафасных” выставак таго часу. Тады ж  ім найбольш цікавіцца і падтрымлівае  беларуская прэса –  добрая магчымасць зрабіць тыповую савецкую мастацкую кар’еру, атрымаць званне і г.д.,  якую ён тым не менш не скарыстаў.

У наступнае дзесяцігоддзе (1980-я гг.) пачаўся  гэтак званы “кабінетны” перыяд, звязаны з актыўнай працай на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце па афармленню кабінетаў літаратуры ў навучальных установах. Дзямарын увёў своеасаблівы феномен “станковай ілюстрацыі”, не звязанай напрамую з кнігай. У другой палове 1980-х гг. графік Дзямарын нечакана для ўсіх удала спрабуе сябе ў жывапісе. У сваёй малой графічнай майстэрні ён піша дзве манументальныя гістарычныя карціны, пабудаваныя на крэпкай логіцы класічнай акадэмічнай кампазіцыі – “Пераправа. Год 1944” (1985, НМГ I КБ) і “1929 год. Палессе” (1987, НМГ I КБ). Сам мастак лічыць гэтыя гады сваім “зорным часам”, гадамі свабоды творчасці і адноснага матэрыяльнага дабрабыту.

Нарэшце, апошняе, ”пустое” дзесяцігоддзе (1990-я гг.), якое ён сам бязлітасна называе “перыядам дэградацыі” – гады, калі мастак жыве на сродкі ад продажу старых твораў і выпадковых замоў у выдавецтвах. “Я аказаўся безабаронным перад рынкам і востра адчуваю зараз сваю непатрэбнасць”, – з болем прызнаецца ён.

З падзеннем савецкага строю аказаліся непатрэбнымі мастакі- выканаўцы дзяржаўных замоў, якія абслугоўвалі шматлікія патрэбы дзяржаўных структур. Стан іх хутка стаў драматычным: сiстэма гарантаванай дзяржаўнай замовы адвучыла іх працаваць у “нікуды” і самастойна шукаць пакупніка.  Гэта выштурхнула з добра наезджанай каляіны не аднаго Дзямарына. Але шок быў настолькі моцным, што ён проста пакінуў працу і задаволіўся статусам “мастацкага пенсіянера”. Такая знешняя канва творчага шляху мастака.

Але Дзямарын, хоць і наракае на “няскладны лёс”, не лічыць сябе няўдачнікам і не ўспрымае сябе аўтсайдзерам: “Да апошніх гадоў я быў запатрабаваны і маю свой почырк у беларускай графіцы”. І гэта сапраўды так.

Дзямарын, якога многiя лічаць “кан’юктуршчыкам”, – выдатны майстар-прафесіянал, моцны рысавальшчык, пранікнёны ілюстратар, які добра адчувае спецыфіку графічнай тэхнікі і складаны “арганізм” кнігі. Яшчэ студэнтам ён праілюстраваў шаснаццаць кніг, а яго дыпломная праца – цыкл ілюстрацый да “Угрюм-реки” В. Шышкова (1966) да гэтага часу ўражвае моцным тэмпераментам і экспрэсіўнасцю выканання.

“Ілюстрацыя была маім галоўным хлебам у 1960 – 1970-я гг. Тады я праілюстраваў амаль пяцьдзесят самых тоўстых беларускіх кніг – амаль усю беларускую класіку – Коласа, Лынькова, Мележа, Шамякіна, Брыля, Быкава… Але ў рэшце-рэшт мне надакучылі выдавецтвы з іх вечнай гонкай, якая не давала творчага задавальнення.” Трэба ведаць іставыя адносіны мастака да працы, каб ацаніць гэтае яго прызнанне: Дзямарын не толькі вывучаў твор, але лічыў неабходным сустрэцца з пісьменнікам, з’ездзіць на месца дзеяння, маляваць з натуры… Толькі тады, лічыў ён, атрымаецца сапраўдны графічны каментарый кнігі.

Каб зрабіць серыю “Камвольшчыцы” да выстаўкi, прысвечанай чалавеку працы (любімая тэма выставак 1970-х гг.), майстар амаль год маляваў з натуры на камвольным камбінаце. Захаваліся стосы гэтых натурных накідаў – віртуозных, дакладных і вельмі прыгожых. “Тады патрабавалі паказваць рабочых гаспадарамі вытворчасці. А якія яны гаспадары? Прыдаткі да машын. Але якая самаахвярнасць у працы, працавітасць, легкасць рухаў. Сапраўдныя майстры ў сваей справе… Можа таму, што я сам узяў шлюб з простай працаўніцай-рабацягай, ведаю, што гэтыя людзі лепшыя і больш чыстыя, чым шматлікія іншыя,” – лічыць Дзямарын.

Кабета і бяздушныя машыны – гэты “остаўскі” тэхнакратычны матыў 1920 – 1930-х гг. у літаграфскім цыкле Дзямарына набывае ўзнёсла-рамантычны характар пры дакладнасці кожнай дэталі і манументалізацыі аркуша. Мастак узносіць сваіх гераінь, зберагае іх жаноцкасць і прыгажосць і ў другой сваёй серыі “Нараджэнне тканіны” (1979), выкананай у тэхніцы афорту. “Я ўвогуле люблю  маляваць жанчын, можа таму і выбраў менавіта камвольны камбінат. Але афорт – не мая тэхніка. Мяне больш прываблівае каварная літаграфія, на якой можна лёгка сарвацца. Можа яна больш адпавядае майму характару – паважнаму, дакладнаму і грунтоўнаму, крыху маруднаму і ўнікліваму. Так, як я,  у  літаграфіі ніхто ўжо не працуе,” – гаворыць мастак, да канца зведаўшы пакуты бясконцых паляпшэнняў і пераробак уласных твораў.

Сапраўды, “дакладны рэалізм” дзямарынскіх  літаграфій уражвае  класічнасцю ХIХ ст. і выглядае нават старамодным у гады перавагі імгненных натхнёных імпрэсій і тэхнічных эксперыментаў на сучасных выстаўках графікі. Кансерватызм і “працаважкасць” яго твораў прабуджае дзіцячы інстынкт разглядвання і суперажывання яго героям. Грунтоўны рэалізм дасюль дастаецца творчым крэда мастака.

Характар не дазваляе Дзямарыну “халтурыць”. Ён з тых, каго замова і жорсткі тэрмін выканання мабілізуе і нават натхняе на працу, хаця камбінацкую замову на партрэты пісьменнікаў для кабінета літаратуры тэхнікума лёгкай прамысловасці (1979), з якой яго калегі расправіліся за два тыднi, ён ператварыў у цікавую творчую працу. Літаграфскія партрэты рускіх пісьменнікаў успрымаюцца амаль эталонна. Па сваёй ініцыятыве ён дадаў да іх ілюстрацыі да найбольш вядомых твораў і атрымалася комплекснае графічнае афармленне кабінету літаратуры, якое адразу атрымала папулярнасць і выклікала шмат замоў. Так нарадзілася серыя ілюстрацый “Сюжэты з рускай класікі” з васьмi аркушаў. Дзямарын доўга і з любоўю працаваў над кожным з іх, даводзячы іх, як ён сам гаворыць, да “адчування моманта цуда”. “Зараз яны вісяць у мяне на сценах кватэры. Які парадокс: я ўпрыгожыў сваю кватэру “камбінатаўскай халтурай!” І зараз яшчэ па інэрцыі ён малюе эскізы афармлення кабінетных сцен – вялікія святочныя іканастасы – цэлыя графічныя гімны, цяпер ужо беларускай класіцы, хаця добра ўсведамляе, што зорны час яго “кабінетаў” ужо прайшоў.

“Дурчына называлі “крапасным” мастаком (з-за серый аб Брэсцкай крэпасці – Н.У.), а мяне – “кабінетным”, – усміхаецца ён. “Але якая яшчэ задача для графіка можа лічыцца больш высакароднай, чым праца для школы, для дзяцей? Я – радавы мастак, ніколі не меў ніякіх званняў, ні перамог у конкурсах. Але я лічу сябе пераможцам неаб’яўленага конкурсу”, – з годнасцю гаворыць мастак.

Пагадзімся з гэтым: тысячы мінскіх школьнікаў прайшлі праз графіку Дзямарына на ўроках літаратуры. Нават не ведаючы яго імя, яны ўспрымаюць літаратуру яго вачыма. Дзямарын сфарміраваў густ і ўвайшоў у падсвядомасць лепей і больш трывала, чым заслужаныя мастакі на персанальных выстаўках у прэстыжных залах, бо яго графіка заўсёды побач. І гэта менавіта перамога – ціхая, безымянная, але сапраўдная, без пафасных фанфар афіцыйнага прызнання.

Ёсць яшчэ адзін лік Дзямарына-графіка – невядомы і непрадказальны, інтымны. Ён хаваецца ў маленькіх графічных дзённіках-альбомах, якія мастак вядзе дзень за днём не адно дзесяцігоддзе. Гэта шчырыя і пранікнёныя назіранні за сабой і Горадам – жанравыя сцэнкі ў крамах, на вуліцах, дома, у шпіталях, зробленыя па-майстэрску, з пачуццём гумару ці лірычна, але заўсёды востра і прыцягальна. Гэтыя нататкі з трапнымі каментарыямі аўтара (якія мастак зусім не цэніць як “творы”) збераглі штодзённы побыт мінчан, іх будзёныя справы. Жыццё і час адбіўся ў гэтых малюнках лепш і выразней, чым у многіх вялікіх карцінах.

Дзямарын, як і кожны творца, аказваецца мастаком не простым, а “з двайным дном”. Ён ведаў, як дзейнічаць у “прапанаваных абставінах”  савецкага ладу – працаваць шчыра і прафесійна, як патрабуе сумленне над шматлікімі замовамі. Што рабіць сёння ва ўмовах канкурэнцыі і жорскасці рынку пры ўсім майстэрстве і прафесіяналізме ён не ведае. Незапатрабаванасць – драма пакалення былых савецкіх 70-гадовых мастакоў, з якіх мала хто здольны на рашучыя крокі мастацкага  менеджмента. Што ж застаецца рабіць такім, як паважаны сціплы Аляксандр Міхайлавіч Дзямарын? Толькі творчая праца – “у нікуды”, “у стол”, для нашчадкаў і … сябе. Хто ведае, можа найлепшы твор яшчэ наперадзе.

Ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў цікавасць да гэтага пакалення мастакоў пачне ўзрастаць, і, можа, “кабінетныя” творы Дзямарына, намаляваныя з любоўю да справы, стануць найбольш якасным артэфактам гэтага часу.

Усава Н.М.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 5, 2004. Мн., “Белпрынт”, 2007, стр. стр. 162-167.

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні