Школа творчасці

Школа творчасці

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 11 лістапада 2023 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе рэтраспектыўная выстава дыпломных работ Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў “Школа творчасці”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 50 жывапісных, скульптурных і графічных твораў з фондаў акадэміі і збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Установа адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў” мае багатую гісторыю і традыцыі, якія сфарміравалі педагагічныя методыкі. Гісторыя акадэміі пачынаецца ў пасляваенны перыяд, калі ў 1945 годзе па распараджэнні Саўнаркама СССР, Саўнаркама БССР і Камітэта мастацтваў быў створаны Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут. У 1953 годзе ён быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У 1991 годзе інстытут рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію мастацтваў, у 2001 годзе яму прысвоена сучасная назва. Сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў – самая буйная і аўтарытэтная ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы творчых кадраў у галіне выяўленчага мастацтва. Акадэмія ў значнай ступені фарміруе тэндэнцыі развіцця беларускай школы выяўленчага мастацтва, забяспечвае захаванне і пераемнасць традыцый нацыянальнай выяўленчай школы. Сярод выкладчыкаў і выпускнікоў акадэміі – вядомыя ў краіне і свеце мастакі, якія маюць вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь і іншых краін і зарэкамендавалі сябе на прэстыжных міжнародных конкурсах і выставачных праектах.

На рэтраспектыўнай выставе прадстаўлены дыпломныя работы, выкананыя больш як за 60 гадоў работы акадэміі – з 1959 па 2023 год. Такім чынам, праект дае магчымасць пазнаёміцца з творчымі пошукамі выпускнікоў акадэміі розных гадоў, прасачыць этапы развіцця стылістычных асаблівасцей айчыннага мастацтва – ад традыцыйных форм, метадаў і канцэпцый да сучасных. Асаблівую цікавасць уяўляюць дыпломныя работы тых выпускнікоў, якія пасля сталі выдатнымі майстрамі нацыянальнага выяўленчага мастацтва і атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. 

Наведвальнікі выставы будуць мець унікальную магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі акадэмічнага мастацтва і сучаснымі мастацкімі прыёмамі. Пры гэтым кожная праца непаўторная, кожны твор дэманструе не толькі валоданне мастацкай тэхнікай, але і своеасаблівасць светаўспрымання аўтараў, уменне вобразна і самабытна ўвасобіць задуманае.

Выстава працуе да 17 снежня 2023 года.

Куратар выставы – Мацюшонак Аляксей Яўгенавіч, загадчык выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

іншыя выставы
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія
Зніклае і вечнае. Георгій і Наталля Паплаўскія

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала
Выстава аднаго шэдэўра: “Прагулка” Марка Шагала

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.
Пяць стагоддзяў шанавання Маці Божай: зваротная перспектыва. XVIII–XIV ст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь