20.08.2026 г. у 17:00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца часовая экспазіцыя “Жар і холад металу. Аправа веткаўскай іконы” са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Куратар выставы – Галіна Рыгораўна Нячаева, супрацоўнік Веткаўскага музея, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
Веткаўская калекцыя чаканых акладаў на іконы – збор унікальны для Беларусі. Упершыню прадстаўлены шырокаму гледачу творы мясцовых майстроў XVIII – пачатку XX ст., сабраныя ў рэгіёне і адрэстаўраваныя ў Веткаўскім музеі. Відавочна, што гэта цэласная мастацкая традыцыя, захаваная ў працяглым развіцці. Майстры ўвасобілі сімволіку арнаментаў. Візантыйскі завіток і вінаград – увасабленне жыццёвай сілы прыроды і сімвал райскага квіцення. Жамчужына ў хрысціянстве – выява душы праведніка. У чаканым акладзе аднаўляецца вобраз жамчужнага мафорыя – убруса Багародзіцы. У метале жамчужыны нагадваюць кальчугу – перш за ўсё ў абразах “Знамення”, якія заказвалі “Аб вайне, аб перамозе”.
Аправа іконы лічылася і адзеннем вобраза. У старой Ветцы казалі: “Шыць рызу, каваць рызу”. Старажытнае значэнне і ў беларускага слова “шаты”: вясельнае адзенне. У народнай культуры Веткі ўбор абраза найбольш блізкі да старажытнай семантыкі касцюма. У 1907 г. этнографу Івану Абрамаву паказвалі на Ветцы “старадаўнія какошнікі з жамчужнай сеткай, якая спускалася на вочы”.
Сярод сакрэтаў кованых рыз – развіццё арнаменту ў малюнку самой тканіны. Яна перадае фактуру і арнамент усходняй парчы, гладкага шоўку, вышытыя букецікі. Так ажыццяўляецца роднасць прыёмаў веткаўскіх чаканшчыкаў – і беларускіх злотнікаў XVII ст., з каванымі кветкамі на кованых шатах. На Ветцы гэты ілюзіянізм дасягае выразнай стылявой прыкметы.
Супрацоўнікамі музея выяўлена сямейная дынастыя Свяшчэннікавых. Арына Радзівонаўна (1912 – 2006), дачка і ўнучка чаканшчыкаў, успамінала аб тэхналогіі працы дзядоў і бацькі з братамі, сама паліравала аклады (па традыцыі, гэта рабілі жанчыны сям'і). Апошнія пакаленні жылі ў Клімаве, Бранскай вобласці. Па дакументах, прапрадзед Арыны, Міхаіл Іванавіч Свяшчэннікаў, у 1932 г. пераехаў туды з Беліцы (цяпер частка Гомеля). Мабыць, ім былі прывезены з сабой і тэхналагічныя рукапісы мяжы XVIII – XIX стст. З рэцэптамі работ па метале і нават вырабы фініфцей, эмаляў. Запісы перайшлі да прадзеда, Панкрата Міхайлавіча. Так пацвярджаецца адзінства веткаўска-старадубскай традыцыі златакавалёў. Мноства малюнкаў, перададзеных музею, – з гэтай сям'і. Парадаксальныя для сучаснага разумення спосабы мыслення майстроў, арганізацыя імі прасторы, змешчанага ў некалькіх міліметрах металічнай пласціны. Яны паўстаюць у архітэктурных пабудовах са зваротнай і сферычнай перспектывай (“Успенне”); у “мяккім” пейзажы, які злучае старажытны сімвалізм з непасрэдным адчуваннем натуры (“Барыс і Глеб”); у эпічнасці наратыву (“Мікіта-воін у жыціі”).
Прадстаўлена 125 твораў жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнкі і прылады працы майстроў-чаканшчыкаў.
Часовая экспазіцыя працягнецца да 25.10.2026 г.