ДАТАВАНЫЯ АБРАЗЫ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ

У дадзеным паведамленні разглядаецца частка абразоў з Гродзенскай вобласці, якія знаходзяцца ў храмах, ці зборах музеяў Беларусі, і на якіх прысутнічаюць надпісы з датамі. Датаваныя творы жывапісу ўяўляюць асаблівую каштоўнасць для даследчыкаў, паколькі яны з’яўляюцца “рэпернымі кропкамі” пры размяшчэнні помнікаў іканапісу ў храналагічным парадку. Адразу трэба адмеціць, што даты, прыведзеныя на абразах, далёка не заўсёды азначаюць час стварэння помніка, да таго ж даціроўку ў кожным выпадку па магчымасці трэба ўдакладняць іншымі метадамі даследавання —  фізіка-хімічнымі, мастацтвазнаўчымі, архіўнымі і інш.

Найбольш старажытны датаваны абраз – “Прападобная Параскева з жыціем” 1642 г. (дошка, тэмпера, 114х80х2,5), які быў вывезены экспедыцыяй ІМЭФ НАН Беларусі з Мікалаеўскай царквы в. Пескі Мастоўскага раёна. Першапачаткова абраз меў значна большыя памеры. Па невядомым прычынам ён быў абрэзаны па перыметру, устаўлены ў новую раму, перагрунтаваны і запісаны. Пры гэтым ніжнія бакавыя клеймы са сцэнамі жыція святой былі страчаны фактычна поўнасцю, а астатнія  абпілены напалову. Зараз абраз знаходзіцца ў калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі імя К. Крапівы (далей – МСБК) і апублікаваны ў альбоме [1, 27]. Ён прайшоў рэстаўрацыю, у выніку чаго набыў свой першапачатковы выгляд (рэстаўратар А. Тарасік). Дата прыведзена на ніжнім полі абраза славянскімі літарамі АХМВ. Трэба адзначыць, што абразоў з выявай святой Параскевы на Беларусі даволі многа (больш ста адзінак), але абразоў з жыціем толькі тры. Адзін з іх знаходзіцца ў Траецкай царкве мястэчка Бездзеж Брэсцкай вобласці. Ён апублікаваны ў альбоме Н.Ф. Высоцкай [2, іл. 37] і па даце стварэння — 1659 г. —  даволі блізкі да абраза з Пескаў.

Абраз “Прападобная Параскева з жыціем” 1642 г.
Абраз “Прападобная Параскева з жыціем” 1642 г.

Зверка датаваных абразоў, прыведзеных у літаратуры, з іх арыгіналамі ці фотаархівамі паказала, што частка абразоў занесена ў гэтую катэгорыю памылкова: на самай справе даціроўкі на іх адсутнічаюць, а час стварэння вызначаны па аналогіі. У тым жа альбоме МСБК прыведзены два абразы  з мястэчка Трабы Іўеўскага раёна — “Апостал Павел” (палатно, алей, 92,5х75) і  “Ян Непамук” (палатно, алей, 93х75,5) [1, 58,59], якія датуюцца 1732 г. Але на саміх абразах, што знаходзяцца ў экспазіцыі музея, даты адсутнічаюць. На фотаздымках, якія зроблены падчас экспедыцыі ў Трабах, бачна, што першапачаткова палотны з выявамі святых былі прыбіты цвікамі на драўляныя рамы-шчыты. Пад выявай Яна Непамука знаходзіцца надпіс “S. Iohannes Nepomucenus. Anno Domini 1732”. У працэсе рэстаўрацыі палотны былі аддзелены ад старых рам і перанесены на рэстаўрацыйныя падрамнікі. Рама з вышэйпрыведзеным надпісам ад абраза “Ян Непамук” выяўлена ў фондасховішчы музея. На другой раме ад абраза “Апостал Павел”, як бачна з фотаздымка, ніякіх надпісаў не было, аб чым дадаткова сведчыць і першапачатковае апісанне абраза ў кнізе  КП МСБК. Даціроўка ў дадзеным выпадку зроблена па аналогіі з абразом “Ян Непамук”, паколькі абразы выкананы ў адным стылі і маюць практычна аднолькавыя памеры. Аднак са спіска абразоў, на якіх прысутнічаюць даты,  абраз “Апостал Павел” павінен быць выкрэслены.

Абразы “Ян Непамук” і “Апостал Павел”
Абразы “Ян Непамук” і “Апостал Павел”

Амаль аналагічная сітуацыя адбылася яшчэ з адным абразом з калекцыі МСБК —  “Антоній Падуанскі” — (палатно, алей, 110х72), які паходзіць з мястэчка Баруны Ашмянскага раёна. Запіс у кнізе КП сведчыць, што палатно з выявай святога першапачаткова таксама было прыбіта на дашчатую раму. Частка подпісу з назвай святога размешчана на палатне, а частка з датай — “Anno Domini 1738” —  на раме. Падчас рэстаўрацыі палатно з выявай было змешчана на рэстаўрацыйны падрамнік і частка подпісу з датай, на жаль, не захавалася. Але яе існаванне ў дадзеным выпадку не вызывае сумненняў.

Значную дапамогу пры вывучэнні абразоў аказвае прымяненне камп’ютэрнай тэхнікі. Са знакамітага Успенскага манастыра, што ў мястэчку Жыровічы Слонімскага раёна, паходзіць абраз “Цуд Георгія аб змеі” (палатно, алей, 120х100), які таксама знаходзіцца ў экспазіцыі акадэмічнага музея і апублікаваны ў альбоме [1, 72]. У левай ніжняй частцы абраза прысутнічае слаба бачны надпіс з датай (1750 г.) і прозвішчам мастака, якое першапачаткова было прачытана як “Прочицкій”. Пасля камп’ютэрнай апрацоўкі ў праграме  “Fhotoshop” стала бачна наяўнасць яшчэ адной літары “н”, змешчанай зверху астатніх. Такім чынам, прозвішча мастака трэба чытаць як “Прончицкій”.

Фрагмент абраза “Цуд Георгія аб змеі”. 1750 г.
Фрагмент абраза “Цуд Георгія аб змеі” 1750 г.

Падчас даследавання старых рам ад адрэстаўрыраваных абразоў у фондасховішчы МСБК аўтары звярнулі ўвагу на дошку ад абраза, з тыльнага боку якой пад слоем белай фарбы слаба праглядаўся выразаны на дрэве надпіс з датай —  1774 г. Пасля дадатковай камп’ютэрнай апрацоўкі надпіс стаў больш выразным. На ім, акрамя даты, аказаліся прозвішчы двух майстроў сталярскага цэха — Яна Барысевіча і Рыгора Новіка. Па кнізе КП і па рэстаўрацыйнай фотафіксацыі было ўстаноўлена, што на дошцы першапачаткова знаходзіўся абраз  “Мадонна з дзіцем” (палатно, алей, 79х63, КП-327). Паколькі сам абраз (па мастацвазнаўчым і тэхналагічным даследаванням) датуецца першай паловай XVII ст., відавочна, што вышэйпамянутымі майстрамі ў 1774 г. быў зроблены толькі ківот і, хутчэй за ўсё, не да гэтага абраза. Пры змяшчэнні абраза ў ківот ад яго зверху была адрэзана палоска, замест якой падшыта надстаўка па форме ківота. (Падчас рэстаўрацыі была праведзена рэканструкцыя першапачатковай формы абраза). Гэты прыклад наглядна паказвае, якія змены з цягам часу могуць адбывацца з помнікамі і як няпроста рабіць прывязку даціровак.

Фрагмент дошкі ад абраза з подпісамі майстроў. 1774 г.
Фрагмент дошкі ад абраза з подпісамі майстроў. 1774 г.

У мястэчку Воўпа Ваўкавыскага раёна, у царкве на могілках, былі два датаваныя помнікі, якія на сучасны момант, на жаль, з’яўляюцца скрадзенымі. Гэта “Маці Божая Будслаўская” (палатно на дошцы, алей, металічны абклад, чаканка, 62,5х51,5) [4, 23] і “Мікола” (палатно, алей, металічны абклад, чаканка, 98х71). Абодва абразы амаль поўнасцю закрыты абкладамі з датамі: “Roku 1768” на абразе “Маці Божая Будслаўская” і “R1785” на абразе “Мікола”. У дадзеным выпадку можна сцвярджаць толькі тое, што самі абразы выкананы не пазней, чым пазначаныя даты на абкладах.

Абраз

Пры даследаванні датаваных твораў, якія знаходзяцца ў культавых установах, аўтары сутыкнуліся яшчэ з адной цяжкасцю — пошукам “моманту ісціны”. Справа ў тым, што пры састаўленні пашпартоў на датаваныя творы іканапісу падчас экспедыцыйнай працы далёка не заўсёды ўказваецца месца, дзе размешчана дата. Знайсці яе можна толькі шляхам паўторнага даследавання твораў мастацтва на месцах ці скрупулёзнага вывучэння архіўных негатываў і слайдаў з дапамогай сканераў з высокімі разрашальнымі характарыстыкамі і камп’ютэраў.

У Траецкім касцёле в. Струбніца Мастоўскага раёна выяўлены алтарны абраз “Каранаванне Маці Божай” (палатно, алей, 190х145), які быў зафіксаваны падчас экспедыцый ІМЭФ НАН Беларусі 1974 і 1981 гг. і адзначаецца як датаваны. Але толькі ў выніку экспедыцыі 2002 г., пры больш дасканалым даследаванні, быў сфатаграфаваны надпіс на адваротным баку абраза: “anno Dni 1753 dnia … Kazimierz Biniewski ten obraz maloval”.

Як паказвае практыка, даты могуць размяшчацца ў самых розных частках абраза: пад выявай аналоя з укленчанай Маці Божай, як на абразе “Звеставанне” 1791 г. са Смаргонскага раёна; пад надпісам на кнізе, як на абразе “Раскаянне Пятра” 1756 г. з Іўеўскага раёна;  ці амаль непрыкметны надпіс збоку, як на абразе 1843 г. з даволі рэдкім сюжэтам – “Св. Ісідор” са Шчучынскага раёна.

Фрагмент абраза “Раскаянне Пятра” 1756 г.
Фрагмент абраза “Раскаянне Пятра” 1756 г.

Агульная колькасць датаваных абразоў (да пачатку ХХ ст.) па Гродзенскай вобласці, якія занесены ў нашу базу дадзеных, налічвае каля сотні адзінак. Спіс датаваных абразоў па ўсёй Беларусі (да пачатку XIX ст.) быў апублікаваны Н.Ф. Высоцкай у кнізе “Жывапіс барока Беларусі” [6, 277]. Мы спадзяемся, што гэта няпростая справа па вывучэнню датаваных помнікаў будзе працягнута і далей.

Літаратура:

  1. Музей старажытнабеларускай культуры. Альбом. – Мн., 2004.
  2. Высоцкая Н.Ф. Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. – Мн., 1995.
  3. Высоцкая Н.Ф. Темперная живопись Белоруссии конца XV — XVIII веков. – Мн., 1986.
  4. Ярашэвіч А. Абраз Маці Божай Будслаўскай. – Мн., 2004.
  5. Музей старажытнабеларускай культуры. Каталог экспазіцыі. – Мн., 1983.
  6. Высоцкая Н.Ф. Жывапіс барока Беларусі. – Мн., 2003.

Карэлін У.Р., Мельнікаў М.П.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 6, 2005. Мн., “Белпрынт”, 2007, стр. 171–175

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30