Выстава «Два стагоддзі моды ў Мастацкім» з прыватнай калекцыі Таццяны Фядосавай ахоплівае амаль два стагоддзі развіцця касцюма – ад XIX да XXI – і прапануе гледачу паглядзець на гісторыю грамадства праз прызму моды. У чатырох залах экспазіцыі прадстаўлена эвалюцыя культурных і сацыяльных працэсаў з другой паловы XIX стагоддзя да нашых дзён, увасобленая ў касцюмах і аксесуарах.
Раскошныя ўборы, абутак, упрыгожанні і парфумерыя выступаюць своеасаблівымі дакументамі эпохі: яны фіксуюць трансфармацыю густаў, нормаў паводзін і каштоўнасных арыенціраў розных пакаленняў. Кожнае дзесяцігоддзе раскрываецца праз характэрныя сілуэты, матэрыялы, канструктыўныя рашэнні і дэкаратыўныя дэталі, што дазваляе прасачыць, якім чынам глабальныя гістарычныя падзеі, эканамічныя крызісы, мастацкія плыні і навукова-тэхнічны прагрэс уплывалі на эстэтыку і функцыянальнасць касцюма.
Экспазіцыя дэманструе моду не толькі як сферу мастацкай творчасці, але і як дакладны індыкатар часу, што адлюстроўвае дынаміку грамадскіх змен.
На выставе прадстаўлена мноства рэдкіх і ўнікальных экспанатаў. Самая ранняя сукенка з калекцыі Таццяны Фядосавай датуецца 1850-мі гадамі, у той час як самая позняя была створана зусім нядаўна – у майстэрнях сучасных дызайнераў. Гонарам збору калекцыянеркі з’яўляецца парадная аксамітавая сукенка 1880-х гадоў з багатым дэкорам з пацерак, а таксама футурыстычныя мадэлі мінімалістычных 1960-х гадоў. У экспазіцыі можна ўбачыць сукенку галівудскай кінадзівы Кэй Фрэнсіс 1930-х гадоў і два сцэнічныя строі шведскай джазавай спявачкі Монікі Сэтэрлунд – удзельніцы конкурсу “Еўрабачанне” 1963 года.
Экспазіцыю выставы «Два стагоддзі моды ў Мастацкім» дапаўняюць творы скульптуры, прадметы мэблі і жывапісныя работы – пераважна партрэты – са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Гэтыя творы раскрываюць касцюм у яго натуральным культурным кантэксце – як выразны атрыбут часу, індыкатар сацыяльнага статусу і ўвасабленне эстэтычнага ідэалу, зафіксаванага мастакамі розных эпох.
У залах экспазіцыі дэманструюцца як творы айчынных майстроў, так і работы прадстаўнікоў еўрапейскай і расійскай мастацкіх школ XVIII–XXI стагоддзяў. Творы Сяргея Заранкі, Мікалая Багданава-Бельскага, Аляксея Тыранава, майстроў еўрапейскай школы XVIII–XIX стагоддзяў разам з карцінамі беларускіх мастакоў – Зоі Літвінавай, Мікалая Бушчыка, Аляксандра Кішчанкі і іншых аўтараў – спрыяюць фарміраванню цэласнага мастацкага кантэксту эпох, адлюстраваных у касцюме, дазваляючы ўспрымаць яго як культурны знак часу, сведчанне сацыяльнага статусу і мастацкае ўвасабленне ідэалаў свайго стагоддзя.
Выстава «Два стагоддзі моды ў Мастацкім» будзе экспанавацца з 7 сакавіка па 6 чэрвеня 2026 года ў галоўным корпусе музея (вул. Леніна, 20; ніжнія залы).