Мастакі маладзечанскага краю

Мастакі маладзечанскага краю

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 4 снежня 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працаваць выстава “Мастакі маладзечанскага краю”. Аснову экспазіцыі складаюць экспанаты з калекцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея (г. Маладзечна). На выставе прадстаўлены больш за 60 жывапісных і графічных твораў мастакоў, жыццё і творчасць якіх звязаны з горадам Маладзечна. Выстава прымеркаваная да Года малой Радзімы.

Маладзечанскі край, багаты на культурныя традыцыі, займае адметнае месца ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва XX–XXI стст. Маладзечанская мастацкая супольнасць заслугоўвае асобнага разгляду, і дадзеная выстава часткова выконвае гэтую ролю.

У экспазіцыі прадстаўлена творчасць розных пакаленняў мастакоў. Усе яны не толькі таленавітыя майстры, але i яркія індывідуальнасці, якія ішлі сваім мастацкім шляхам. Жанравы дыяпазон выставы таксама вельмі шырокі: пейзаж, партрэт, гістарычны і бытавы жанры, кніжная ілюстрацыя.

Старэйшае пакаленне маладзечанскіх мастакоў прадстаўлена творамі Я.І. Раздзялоўскай і М.М. Аксельрода. Ядвіга Іосіфаўна Раздзялоўская (1902–1992) — выхаванка мастацкіх школ Любліна i Варшавы, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, арганізатар і кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва г. Маладзечна. На выставе яна паказана як тонкі і тактоўны партрэтыст. Меер (Марк) Майсеевіч Аксельрод (1902–1970) — выпускнік маскоўскіх Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў (ВХУТЕМАС), вучань У. Фаворскага, П. Паўлінава, С. Герасімава, К. Істоміна.

Наступнае пакаленне мастакоў прадстаўлена творчасцю К.І. Харашэвіча і Л.А. Дударэнкі. Канстанцін Іванавіч Харашэвіч (1927–2013) — выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча, вучань К. Касмачова i А. Малішэўскага, яркі, арыгінальны пейзажыст. Леанід Аляксандравіч Дударэнка (нар. 1930) — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, жывапісец шырокага жанравага дыяпазону, майстар партрэта, пейзажа, нацюрморта.

Трэцяе пакаленне маладзечанскіх мастакоў прадстаўляюць на выставе Аляксандр Мікалаевіч Пашкевіч (нар. 1946), Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі (1948–1997), Мікалай Віктаравіч Аўчыннікаў (нар. 1952), Васіль Міхайлавіч Лазоўскі (1953–2015), Аляксандр Мікалаевіч Грышкевіч (нар. 1961), Сяргей Анатольевіч Пісарэнка (нар. 1967).

За апошнія гады Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь правёў некалькі персанальных выстаў майстроў з Маладзечна (Л.А. Дударэнка, М.В. Аўчыннікаў, Ю.П. Герасіменка-Жызнеўскі). Цяпер наведвальнікі музея ўпершыню маюць магчымасць комплекснага знаёмства з творчасцю маладзечанскіх мастакоў.