Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

У Мастацкім музеі з 22 ліпеня 2026 г. пачынае працу часовая экспазіцыя “Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, якая прысвечана паслядоўнікам і вучням Ісуса Хрыста – апосталам (ад грэч. ἀπόστολος – пасланнік, прапаведнік). У калекцыі музея знаходзяцца выбраныя творы XVII–XIX стст., што раней уваходзілі ў комплексы іканастасаў, якія не захаваліся да нашага часу ў першапачатковым выглядзе.

Вобразы і лёсы першых паслядоўнікаў і вучняў Ісуса Хрыста сталі прыкладам для пераймання шматлікім святым і праведнікам, якія прынялі Божае Адкрыццё. Кожны з іх прысвяціў сваё жыццё служэнню біблейскай праўдзе і будаўніцтву Царквы на зямлі, апосталы сталі сведкамі жыцця, пакарання смерцю і Уваскрэсення Ісуса Хрыста. Яны самааддана прапаведавалі новае веравучэнне, пакінулі пісьмовыя працы, якія сталі крыніцай шматлікай багаслоўскай літаратуры.

У рэлігійным жывапісе апосталы паўстаюць звернутымі да Спаса Уседзяржыцеля, які сядзіць на троне, размешчанага ў цэнтры дэісуснага рада іканастаса. Дэісус (з грэч. – Маленне) увасабляе ідэю заступніцтва вышэйшых Нябесных сіл у асобе Найсвяцейшай Дзевы Марыі, прапаведніка Іаана Прадцечы і іншых святых перад Хрыстом за чалавецтва ў дзень Страшнага суда. Даследчыкі адзначаюць, што для беларускага варыянта Дэісуса характэрна не пакланенне бажаству, а тэма перадачы і ўспрымання апосталамі вучэння Хрыста з наступнай яго трансляцыяй чалавецтву.

У пошуку абароны і заступніцтва звяртаюцца святыя і звычайныя вернікі на працягу жыцця да Маці Божай як выратавальніцы роду чалавечага – “цёплай заступніцы свету халоднага”, па словах паэта. На выставе знаходзіцца вобраз Маці Божай Жыровіцкай са святымі, якія стаяць перад ёй у маленні. Экспазіцыя прадстаўляе розныя варыянты выяў пакланення Уседзяржыцелю святых апосталаў, айцоў Царквы, шматлікіх хрысціянскіх паслядоўнікаў Яго вучэння. Нагляднае ўспрыманне рэлігійных дагматаў раскрываецца ў апостальскім радзе сярэдзіны XVII ст. з Дабравешчанскага храма манастыра святой Брыгіты ў Гродне, у творах канца XVII ст. іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра, другой паловы XVII ст. з Шарашоўскай Прачысценскай царквы і іншых.

Дапаўняюць экспазіцыю архіўныя фота інтэр’ера Прачысценскага храма ў Шарашове, іканастаса ў Георгіеўскай царкве Давыд-Гарадка Брэсцкай вобласці, Успенскага сабора ў Жыровічах.

На выставе прадстаўлена каля 30 твораў сакральнага жывапісу XVII – пачатку XIX ст.

Часовая экспазіцыя “Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” будзе экпанавацца з 22 ліпеня па 31 жніўня 2026 г. ў выставачным корпусе, чацвёртым паверсе (вул. К. Маркса, 24).

іншыя выставы
Іван Фяцісаў. Маляўнічыя навелы
Іван Фяцісаў. Маляўнічыя навелы

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Празрыстасць
Празрыстасць

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава графічных прац Леаніда Медведскага і Уладзіміра Макаркова «Рэзкафокусны рэалізм»
Выстава графічных прац Леаніда Медведскага і Уладзіміра Макаркова «Рэзкафокусны рэалізм»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь