Жыццё наканавала ëй галавакружны лёс: ад басаногай беларускай сялянскай дзяўчынкі, дзяцінства якой прайшло ў Зембіне, потым вучаніцы Казіміра Малевіча ў Смаленску, Фернана Лежэ ў Парыжу, удзельніцы французскага Супраціўлення, асістэнткі, потым жонкі знакамітага мастака-авангардыста Фернана Лежэ, парыжскай “гранд-дамы”, пабудаваўшай Музей Фернана Лежэ ў Біёце, якая была знаёма з вядучымі мастакамі ХХ стагоддзя – Пікаса, Шагалам і інш.
Калі мастачка ў 1959 годзе пасля 30-гадовага жыцця ва Францыі прыехала на радзіму, у Зембін, дзе жылі родныя, і ў Мінск, у новы Мастацкі музей, яна зразумела, што яе суайчыннікі вельмі мала ведаюць сучасных мастакоў Францыі – Пікаса, Лежэ, Шагала. Яна павінна зрабіць сваім землякам падарунак – творы сусветнай культуры, вядома, не арыгіналы, а ў выдатных якасных копіях. Яна прыдумала “Музей музеяў”, у якім меркавала сабраць рэпрадукцыі самых вядомых класічных карцін з музеяў усяго свету, уласныя карціны і манументальныя мазаікі, тыражную кераміку Пабла Пікаса, а таксама высакаякасныя гіпсавыя скульптурныя злепкі з многіх музеяў усяго свету, творы свайго мужа Фернана Лежэ, літаграфіі свайго сябра Марка Шагала, які абяцаў падарыць альбом літаграфій музею на яе радзіме ў Беларусі. Гэтая яе мара тады так і не ажыццявілася.
“Шагал дае мне ўсе свае арыгінальныя літаграфіі. Я абяцала даць у Маскву, але дам і Вам. Шагал вельмі добра сябе паводзіць, ён вельмі мілы, добры, вельмі сумуе па Радзіме. Я занята як ніколі, мая выстава будзе вельмі хутка ў Парыжы, потым зраблю ў Вас у Мінску і пакіну Вам мае карціны”, – пісала яна Алене Васілеўне Аладавай, дырэктару Дзяржаўнага мастацкага музея, з якой шчыра пасябравала.
Дар літаграфій Шагала, пра які згадваецца ў перапісцы, так і не быў зроблены. Затое яна падарыла мінскаму музею 22 факсімільныя рэпрадукцыі твораў Шагала з вядучых музеяў свету на цэлую выставу.
Факсіміле (ад лац. facsimile “рабіць падобнае”) – гэта рэпрадуктаванне арыгінала з усімі падрабязнасцямі. Такія рэпрадукцыі перадаюць індывідуальныя мастацкія якасці твора, яго колер, матэрыял, фактуру паверхні, нават характар мазка, уласцівы таму ці іншаму мастаку. Тэхніка іх вырабу складаная, яна спалучае друкарскі спосаб з ручной дапрацоўкай.
22 рэпрадукцыі Шагала разам з іншымі копіямі шэдэўраў сусветнага мастацтва – творамі ван Гога і Пікаса – паступілі спачатку ў Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна ў Маскве, адкуль яны былі перавезены ў Мінск у 1968 годзе. Усе супрацоўнікі музея былі ўражаны цудам тэхнікі – якасцю друку на палатне.
Але выставачны лёс гэтай калекцыі быў складаны. Яны практычна 10 гадоў не экспанаваліся як асобная выстава, нягледзячы на тое, што ў Шагала ў 1973 годзе прайшла першая пасля эміграцыі выстава ў Траццякоўскай галерэі, арганізаваная пры падтрымцы міністра культуры СССР К. Фурцавай і пры дапамозе самой Надзі Лежэ.
Асобныя “найбольш зразумелыя” творы Шагала выстаўляліся ў канцы 1970-х у філіялах Дзяржаўнага мастацкага музея БССР – Гальшанах Гродненскай вобласці, у Гурынах Мозырскага раёна ў рамках выставы “Французскі жывапіс Х1Х–ХХ стагоддзяў”, у бібліятэках Маладзечна, Бабруйска і некалькі разоў на розных пляцоўках Віцебска.
Гэта працягвалася да тых часоў, пакуль у 1991 годзе ў Віцебску не быў заснаваны дзяржаўны Арт-цэнтр Шагала. Потым дзе толькі не пабывалі гэтыя рэпрадукцыі! На мяжы ХХ–ХXI стагоддзяў, калі не было яшчэ ні інтэрнэта, ні якасных каляровых альбомаў сусветна вядомага мастака – яны вандравалі ў вагонах-клубах па ўсёй рэспубліцы, былі і на пагранзаставах, у сельскіх дамах культуры, мінскім сувораўскім вучылішчы. Дзякуючы гэтаму дару тысячы людзей змаглі пазнаёміцца з творчасцю нашага земляка – сусветна вядомага мастака.
Гэта, па сутнасці, першая выстава найбольш поўнага збору рэпрадукцый Шагала паводле выбару Надзі Лежэ ў галоўным будынку музея. Яна прымеркавана да экспанавання ў Беларусі яго знакамітай карціны “Прагулка” з Дзяржаўнага Рускага музея ў Санкт-Пецярбурзе. Гэты сціплы на сëнняшні погляд, але некалі “рэвалюцыйны” прасветніцкі праект стаў ужо гістарычным і культурным феноменам мастацкага жыцця Беларусі ХХ стагоддзя.
Выстава рэпрадукцый з твораў Марка Шагала – дара Надзі Лежэ будзе экпанавацца з 2 па 6 ліпеня 2026 г. ў галоўным корпусе, сяродкрыжжы (вул. Леніна, 20)