Рытмы дзесяцігоддзяў: фарфор Мікалая Міхалапа з сямейнай калекцыі

Рытмы дзесяцігоддзяў: фарфор Мікалая Міхалапа з сямейнай калекцыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

У зборы сям’і наследнікаў Мікалая Пракопавіча Міхалапа захавалася невялікая, але вельмі візуальна цікавая калекцыя фарфоравых вырабаў. У 1940-я – 1950-я гады Мікалай Пракопавіч, спецыяліст па кераміцы, вучань школы Штыгліца ў Пецярбургу і выкладчык аддзялення керамікі ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, быў кансультантам на Мінскім фарфорава-фаянсавым заводзе, не будучы ў яго штаце. Ён навучаў лепцы і фармоўцы маладых спецыялістаў, дбаў аб найхутчэйшым адкрыцці завода. Мастак і сам, захапіўшыся творчымі задачамі, шмат працаваў для сябе над формамі ваз – як трыумфальных і дэкаратыўных, так і бытавых для хатняга ўжытку. Ён працаваў ва ўласным стылі, як і да вайны, паступова выпрацаваўшы сваю канцэпцыю нацыянальных вобразаў, прапаноўваў матывы старажытных і сучасных класічных і народных узораў, стварыўшы цэлую серыю – своеасаблівую сюіту з беларускіх “брэндаў” – вазы “Бульба”, “Лянок”, “Кукуруза”, “Дурніцы”, “Струмень”. Мікалай Пракопавіч сказаў сваё прачулае лірычнае слова пра Беларусь, пра яе прыроду, тонка падабраўшы адпаведную нагодзе каларыстыку: празрыстыя, амаль акварэльныя фарбы перадаюць і няяркае хараство летняга дня, і спакой на палях, і вячэрні туманны прыцемак, і загадкавыя багны балот. Мастак шукаў розныя варыянты танальнасці, з захапленнем эксперыментуючы ў разнастайных станах. Міхалап на рэдкасць пастаянны ў сваіх прыхільнасцях ва ўслаўленні радасцей і паэзіі мірнага жыцця. Пры гэтым трэба ўлічваць тэхнічныя абмежаванні маладога мінскага завода, да якіх майстар вымушаны быў прыстасоўваць свой стыль.

Сам аўтар не даваў назвы сваім творам і не выстаўляў іх, так што глядач убачыць іх упершыню. Назвы вазам тонка і паэтычна дадзены праўнучкай мастака – кандыдатам гістарычных навук Анастасіяй Скеп’ян.

Формы гэтых ваз – простыя, немудрагелістыя, плаўныя, цякучыя і чароўныя, цёплыя навобмацак, сапраўды беларускія. Міхалап эксперыментаваў з палівамі, дабіваючыся іх натуральнага прыроднага гучання, цёмна-зялёнага колеру жухлай травы, далікатна-блакітнага, таямнічага балотнага. У некаторых ён абганяе час, развіваючы неўласцівыя яму раней традыцыі постмадэрнізму. Асабліва прыгожая ваза “Лянок”, якая нагадвае снапок льну, перавязанага ля падножжа жгутом і сцёбламі 
зялёна-блакітнага колеру, які цягнецца ў вышыню да блакітных кветачак. Форма вазы “Кукуруза” адсылае да традыцый еўрапейскага фарфору ў індывідуальнай міхалапаўскай транскрыпцыі.

Мастак-кераміст любіў кобальты і розныя адценні сіняга, шарападобныя формы пасудзін без узораў з налепамі. Такі мінімалізм быў новы нават для прагрэсіўных 1960-х.

Арыгінальная эксперыментальная кераміка Міхалапа азначае сабой пошукі сапраўды беларускага нацыянальнага аўтарскага стылю і найбольш адэкватна і поўна адлюстроўвае яго.

Выстава “Рытмы дзесяцігоддзяў: фарфор Мікалая Міхалапа з сямейнай калекцыі” арганізавана ў рамках круглага стала, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння першага дырэктара музея, мастака-кераміста Мікалая Пракопавіча Міхалапа (1886–1979).

іншыя выставы
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ
Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава
Лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Спадчына Беларусі
Спадчына Беларусі

Музей беларускага народнага мастацтва