Шрага Царфін. Рух да святла

Шрага Царфін. Рух да святла

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

6 снежня 2019 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Шрага Царфін. Рух да святла” з калекцыі Групы кампаній А-100, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п. Смілавічы і прыватных калекцый.

Гэта першая ў Беларусі персанальная выстава прымеркавана да 120-годдзя Файбіша-Шрагі Царфіна (1899–1975), мастака Парыжскай школы, чалавека незвычайнага лёсу, ураджэнца беларускага мястэчка Смілавічы пад Мінскам. Экспазіцыя пазнаёміць гледача з дагэтуль невядомымі беларускай публіцы працамі Царфіна, якія належаць Групе кампаній А-100, а таксама прадставіць з прыватных калекцый карціны аўтара, якія рэдка выстаўляліся, раскажа пра яго мастацкія і духоўныя пошукі.

Файбіш-Шрага Царфін нарадзіўся 7 студзеня 1899 года ў Смілавічах, недалёка ад Мінска. Пачаў маляваць ужо ў раннім дзяцінстве. У 1900-х гадах быў знаёмы з Хаімам Суціным, таксама выхадцам з мястэчка Смілавічы, праз трыццаць гадоў сябры зноў сустрэнуцца ўжо ў Парыжы. У 1913 годзе Царфін, ідучы па слядах Суціна, паступае ў Віленскую мастацкую школу, але ўжо ў 1914 г. з’язджае ў Палесціну. Там ён вучыцца ў Школе мастацтваў Бецалель, працуе ў кібуце. У 1918–1920 гг. служыў у брытанскай арміі, ваяваў за вызваленне Палесціны ад Атаманскай імперыі.  

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Царфін вяртаецца ў Бецалель, удзельнічае ў шэрагу выстаў. Жадаючы працягнуць адукацыю, у 1923 годзе ён едзе ў Берлін, а ў 1924 г. перабіраецца ў Парыж. Тут займаецца самаадукацыяй, пачынае супрацоўнічаць з выдавецтвамі і дамамі мод, выстаўляецца ў Салоне Незалежных. У 1929 годзе Царфін ажаніўся, у 1931 годзе муж і жонка атрымліваюць францускае грамадзянства.

У 1930-х гг. Царфін актыўна працуе як мастак па тэкстылі. Крытыкі называюць яго “віртуозам эскізаў для тканін”. У гады Другой сусветнай вайны амаль усе працы Файбіша-Шрагі 1920–1930-х гг. бясследна зніклі, толькі эскізы для тканін цудам захаваліся ў некаторых прыватных архівах. На выставе прадстаўлена некалькі такіх эскізаў.

Падчас Другой сусветнай вайны Царфін спачатку служыць у французскай арміі, затым дэмабілізуецца і ўдзельнічае ў Руху Супраціўлення. Нават у гэты складаны час адбыліся тры яго персанальныя выставы – у Грэноблі (1941) і ў Ліёне (сакавік і ліпень 1942). Менавіта ў гэты час Царфін распрацоўвае тэхніку, якая стала затым яго “фірмавым стылем”: яму ўдаецца змяшаць гуаш і алейныя фарбы.

У 1945 годзе Царфіны вяртаюцца ў Парыж, з 1947 года яны жывуць у Рані-су-Буа, маленькім мястэчку паблізу французскай сталіцы. Жыццё ў пасляваеннай Францыі, разбуранай і разрабаванай нацыстамі, было вельмі складаным, але менавіта ў гэты час Царфін вырашае зрабіць так, як яго старэйшы сябра Хаім Суцін, і цалкам прысвячае сябе жывапісу. Яго творчасць усё больш носіць адбітак напружанага ўнутранага жыцця мастака, асабліва пасля таго, як ён дазнаўся аб гібелі бацькоў у Смілавіцкім гета. І толькі ў 1960-х гг. мастаку ўдаецца пераадолець унутраны душэўны крызіс, яго працы паступова пачынаюць ззяць выдатным блакітным колерам, напаўняюцца спакоем і супакаеннем.

Шрага Царфін памёр у 1975 годзе пасля працяглай хваробы і пахаваны на могілках Рані-су-Буа.

Усе знаёмыя і блізкія Царфіна адзначалі яго містыцызм і імкненне да інтэлектуальных сувязяў. Мастак шмат чытаў, імкнуўся падарожнічаць, знаёмячыся з новымі месцамі і людзьмі.

Адной з вядучых тэм у творчасці Шрагі Царфіна з’яўляюцца краявіды Францыі, якая стала яму другой радзімай. Мастак імкнуўся перш за ўсё перадаць хвалюючыя яго духоўныя і філасофскія праблемы і спадзяваўся на разуменне гледачоў. Царфін быў выдатным каларыстам, ён выкарыстоўваў своеасаблівую індывідуальную палітру, выпрацаваў пазнавальную тэхніку, увесь час знаходзячыся ў пошуку новых выразных сродкаў. Яго творы знаходзяцца ў многіх музеях Францыі, калекцыях баронаў Ротшыльдаў і сям’і Чарлі Чапліна.

На выставе “Шрага Царфін. Рух да святла” будзе прадстаўлена 52 працы мастака, створаныя ў розныя гады, якія адлюстроўваюць самыя разнастайныя грані яго таленту.

Збор твораў Шрагі Царфіна з калекцыі Групы кампаній А-100 набыты ў спадчыннікаў мастака ў 2018 годзе і ўпершыню будзе дэманстравацца беларускай публіцы.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні