Уладзімір Савіч. Жывапіс

Уладзімір Савіч. Жывапіс

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

22 красавіка 2022 года ў Нацыянальным мастацкім музеі (Леніна, 20) пачынае працаваць персанальная выстава Уладзіміра Савіча, прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння мастака.

Уладзімір Пятровіч Савіч – адзін з самых вядомых мастакоў сучаснай Беларусі, яго імя добра ведаюць знаўцы выяўленчага мастацтва як у нашай краіне, так і па-за яе межамі. Яго творы даўно ўжо сталі хрэстаматыйнымі, на іх выхавана не адно пакаленне калісьці маладых, а цяпер ужо сталых і вядомых мастакоў. 

Уладзімір Савіч адносіцца да таго рэдкага тыпу мастакоў, якія ніколі не спыняюцца на дасягнутым. Свой творчы шлях ён пачынаў у графічным мастацтве і за некалькі дзесяцігоддзяў стаў адным з самых выбітных майстроў нацыянальнай школы графікі. Але ўжо будучы прызнаным майстрам, у XXI стагоддзі ён здзейсніў рэзкі паварот у сваёй творчасці – ад графікі да жывапісу, ад рэалістычнай формы да асацыятыўнасці і беспрадметнасці. Жывапіс Уладзіміра Савіча – не адлюстраванне навакольнага свету, а пераклад аўтарскіх уражанняў на мову выяўленчага мастацтва, вобразнае пераасэнсаванне адзінства прыроды, гісторыі і духоўнага жыцця чалавека. Яго карціны пабудаваны на нечаканых колеравых і святлоценявых спалучэннях, у іх экспрэсія злучаецца з медытацыяй, імправізацыя і спантаннасць – з глыбокай прапрацоўкай асобных элементаў кампазіцыі. Яны вельмі паэтычныя, і нават назвы многіх твораў гучаць як радкі з вершаў.

Творчасць Уладзіміра Савіча глыбока ўкаранёная ў мастацкай традыцыі, у падмурку якой ляжыць хрысціянскае светаразуменне, што мае ў сваёй аснове перажыванне адзінства свету Божага і свету чалавечага. У свецкім паводле зместу жывапісе Савіча ўстойлівы, ажыццёўлены, знешні ў дачыненні да чалавека свет гісторыі існуе ў непарыўным адзінстве са светам сучаснасці, які ствараецца чалавекам. Пры такім светаразуменні жывапісны твор, як ікона ў хрысціянстве, становіцца медыятарам, вобразам-пасярэднікам, які забяспечвае сувязь прасторы абодвух светаў і ўцягвае гледача ў сутворчасць.

Уладзімір Пятровіч Савіч
Уладзімір Пятровіч Савіч
Беларускі мастак

 Нарадзіўся ў вёсцы Акцябр Лагойскага раёна 16 красавіка 1952 годаУ 1976 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (зараз – Беларуская дзяржаўая акадэмія мастацтваў). Яго дыпломная работа – афармленне кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” – адзначана дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР. Удзельнічае ў выставах з 1972 года. Член Беларускага саюза мастакоў, у 2007–2013 гадах займаў пасаду яго старшыні. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1990), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2009), ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў (2009). Шмат гадоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у 1989–2000 гадах быў загадчыкам кафедры графікі. 

Выставы твораў Уладзіміра Савіча праходзілі ў многіх краінах свету (Беларусь, Германія, Грэцыя, Егіпет, Італія, Кітай, Літва, Польшча, Расія, Сірыя, Славакія, Фінляндыя, Францыя, Чарнагорыя, Швецыя). Творы У. П. Савіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), у фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі, Германіі, Даніі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Фінляндыі, Францыі, Швейцарыі. 

  Работа выставы працягнецца 
да 29 мая 2022 года

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак - серада, пятніца - нядзеля

    11:00 - 19:00

  • чацвер

    13:00 - 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінск
    вул. Інтэрнацыянальная, 33А

  • аўторак - субота:

    з 10:00 да 18:00

  • нядзеля - панядзелак:

    выходныя дні


  • Мінскі р-н Мінскай вобл., Астрашыцкі Гарадок, ск «Раўбічы»

  • серада - нядзеля

    10:00 - 17:00

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні

  • Магілёў
    вул. Ленінская, 37

  • серада - нядзеля:

    11:00 - 18:00

  • панядзелак - аўторак:

    выходныя дні