Мастацкаму – 85. Афішы і фотаздымкі

Мастацкаму – 85. Афішы і фотаздымкі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

24 студзеня 2024 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы "Мастацкаму – 85. Афішы і фотаздымкі", прысвечанай юбілейнаму году Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстава “Мастацкаму – 85. Афішы і фотаздымкі” прысвечана юбілейнаму году Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Музейны збор вядзе свой пачатак з 24 студзеня 1939 года, калі была выдадзена пастанова Саўнаркама БССР “Аб арганізацыі карціннай галерэі ў г. Мінску”.

У экспазіцыю ўвайшло больш за 30 афіш і 35 фотаздымкаў з архіва музея і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якія адлюстроўваюць самыя знакавыя старонкі музейнай гісторыі, пачынаючы з 1939 года і заканчваючы падзеямі 2023 года. Афішы будуць прадстаўлены ў якасці экспанатаў упершыню.

Арыгінальнымі маркерамі гісторыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца афішы выстаў, лекцый, канцэртаў, музейных акцый і іншых падзей. Выставачная дзейнасць Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР (1939–1957), Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (1957–1993), Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (з 1993) вельмі насычаная і разнастайная. Фонд афіш складае больш за 2000 адзінак. На жаль, не захаваліся афішы першых выстаў, якія праходзілі ў Галерэі ў даваенны час: “Мастацтва Беларускай ССР” да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (1940), “Ленін і Сталін – арганізатары БССР” (1940), “Мастацкія рамёствы народаў СССР з Дзяржаўнага гісторыка-мастацкага музея-запаведніка г. Загорска” (1941). З пасляваеннага перыяду на выставе прадстаўлены найбольш яскравыя экзэмпляры, якія ілюструюць шырокую геаграфію выставачнай дзейнасці музея (ад Аўстраліі і Эфіопіі да ЗША і Японіі), сведчаць аб супрацоўніцтве з вядучымі музеямі свету (Дзяржаўны Эрмітаж, Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна, Смітсанаўскі інстытут, Пражская Нацыянальная галерэя, Дрэздэнская галерэя, Музей Вікторыі і Альберта і інш.), дэманструюць разнастайнасць тэхнік (акварэль, літаграфія, афорт, шаўкаграфія, афсетны друк), а таксама з’яўляюцца адлюстраваннем свайго часу.

Самыя раннія афішы ў экспазіцыі (1945 і 1946 гадоў) змяшчаюць поўны спіс мастакоў-удзельнікаў выстаў, што не характэрна для афіш пазнейшага перыяду. У 1957 годзе на Гродзенскай фабрыцы афсетнага друку быў выпушчаны плакат Дзяржаўнага мастацкага музея БССР тыражом 500 экзэмпляраў. Плакат змяшчаў інфармацыю аб калекцыях музея, часе працы і адрасе, было адзначана таксама Міністэрства культуры БССР. Упершыню на афішы з’яўляецца правобраз лагатыпа – фасад галоўнага корпуса музея. У гэты будынак, спраектаваны архітэктарам Міхаілам Бакланавым, галерэя пераехала акурат у 1957 годзе.

Наступны рэкламны плакат музея з’яўляецца толькі ў 1989 годзе, да 50-годдзя ўстановы. За аснову быў узяты твор Івана Хруцкага “Партрэт невядомай з кветкамі і фруктамі”. У правым верхнім вугле размяшчаўся надпіс “Дзяржаўны мастацкі музей БССР”, прычым на чатырох мовах: беларускай, рускай, англійскай і французскай.

Стварэннем афіш для мастацкіх выстаў займаліся прафесійныя мастакі-графікі, якія атрымлівалі спецыяльныя заказы. Часам выкарыстоўваўся адзіны модуль для зменных тэкстаў, выявы экспанатаў і фотаздымкі мастакоў, але часта афіша ўяўляла сабой арыгінальны аўтарскі твор. Музейныя афішы расклейваліся ў горадзе на тумбах, заваёўвалі ўвагу мінакоў і заахвочвалі публіку наведаць музей. На выставе прадстаўлены афішы аўтарства Паўла Семчанкі, Адэлаіды Бетанавай, Алены Лось, Сяргея Саркісава, Уладзіміра Васюка і інш. Аднак часта мастакі не падпісвалі свае творы. 

Афішы да выстаў “Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі IX–XIV стст.” і “Іканапіс Беларусі XVII–XVIII стст.” (1990) у выкананні У. Васюка ўпершыню ўтрымліваюць лагатып музея – візуальны код, які можна хутка счытаць у гарадской прасторы, насычанай рознай інфармацыяй. З 2005 года музейны лагатып становіцца пастаянным атрыбутам афіш. Пачынаецца візуальнае фарміраванне індывідуальнага фірмовага стылю Мастацкага. Можна сказаць, афішы перасталі выконваць толькі інфармацыйную функцыю, іх значэнне і роля значна пашырыліся. Яны становяцца элементамі музейнага вобраза, першымі ўдзельнікамі музейнай камунікацыі, фарміруюць імідж музея.

Афішы выстаў і іншых музейных мерапрыемстваў апошніх дзесяці гадоў прадстаўлены ў экспазіцыі ў лічбавым фармаце.

Паступова фарміраваўся і фонд музейных фотаздымкаў. На выставе дэманструюцца ўнікальныя кадры з адкрыцця Галерэі ў 1939 годзе з удзелам першага дырэктара Мікалая Міхалапа (1939–1941). У 2020 годзе ў музейны архіў паступілі копіі фотаздымкаў жніўня 1941 года, зробленыя персанальным фатографам Адольфа Гітлера і яго бліжэйшага акружэння Вальтэрам Фрэнцам, на якіх адлюстравана, як рэйхсфюрар СС Генрых Гімлер уваходзіць у залы Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску. Гэтыя здымкі ў экспазіцыі даваеннай карціннай галерэі – пакуль адзіныя, якія ўдалося адшукаць. 

Неацэнную дапамогу аказаў музею Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў г. Дзяржынска, перадаўшы ў фонды больш за сотню фатаграфій.

Ужо з 1950-ых гадоў у музеі працавалі штатныя прафесійныя фатографы, у абавязкі якіх уваходзіла фотафіксацыя музейных падзей і фатаграфаванне музейных рэчаў. На выставе прадстаўлены здымкі, якія адлюстроўваюць час і яго атрыбуты, інтэр’еры экспазіцыйных залаў, наведвальнікаў музея, а таксама важныя падзеі ў гісторыі галоўнай мастацкай скарбніцы краіны. 

Работа выставы працягнецца да 24 сакавіка 2024 года.

Куратары: Дзіяна Шантар (раздзел “Музейныя афішы”), загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы; Надзея Усава (раздзел “Фотаздымкі”), вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы.

іншыя выставы
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30