У экспазіцыі прадстаўлена каля 40 жывапісных твораў майстра з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і збору сям’і мастака. Карціны, напісаныя Іванам Дмухайлам на працягу 1950-х–2000-х гадоў, узнаўляюць блізкую яго сэрцу беларускую прыроду. Відавочна, што фокус яго творчага пошуку ляжаў ва ўдасканаленні таго, што ён па-сапраўднаму любіў і шанаваў – пейзажны жывапіс. Прырода паўстае ў яго творах як сінкрэтычнае адзінства ўсіх сваіх элементаў, неад’емнай часткай якога з’яўляўся і чалавек.
Сюжэты палотнаў Івана Дмухайлы, на першы погляд, простыя і непатрабавальныя – рэкі, дрэвы, палі, дамы, храмы. Аднак унутраным лейтматывам у творчасці мастака з’яўлялася тэма Вечнага і Вечнасці. Мусіць таму яго творы, па сутнасці, пазбаўленыя прыкмет часу. Мінулае і сучаснасць не супрацьпастаўляюцца, не адасабляюцца адзін ад аднаго, але знаходзяцца ў прасторава-часавым адзінстве. Пейзажы Івана Дмухайлы ствараюць гарманічную панараму суіснавання чалавека і прыроды. Жывапіс мастака, знешне някідкі, падпарадкаваны задачам паэтызацыі паўсядзённага быцця. Шчырасць пачуцця, якая ідзе ад першага ўражання ад натуры, прывабнасць выяў з’яўляюцца складовай часткай гарманічнага ўнутранага свету, індывідуальнага адчування аўтара.
Майстар лірычнага пейзажа, Іван Дмухайла віртуозна “браў” танальныя жывапісныя адносіны, імкнуўся да перадачы святла і насычанага колеру ценяў, выбудоўваў прасторавую глыбіню. Пры гэтым яго пейзажы ўздзейнічаюць на гледача не распрацаванасцю сюжэту і складанасцю кампазіцыі, але комплексам адчуванняў, закладзеных у жывапіснай тканіне твора. І ў гэтым праяўляецца талент Івана Дмухайлы як каларыста. У некаторых карцінах мастак узмацняў колер, свядома “фарсіраваў” яго, каб надаць твору асаблівую псіхалагічную вастрыню. У іншых жа, наадварот, усё будуецца на паўтонах, ледзь адчувальных каляровых нюансах, якія ствараюць тонкую, серабрыста-жамчужную жывапісную тканіну. Прынцыпова важным для мастака было не што пісаць, а як пісаць. На выставе можна ўбачыць некалькі твораў Івана Дмухайлы, якія маюць практычна аднолькавы матыў. Але дзякуючы таму, што мастак кожны раз па-новаму глядзеў на натуру і пісаў свае ўражанні, трапятанне і ўласныя душэўныя хваляванні, гэтыя карціны выглядаюць самадастатковымі. У цэлым жа, у яго працах ёсць усе тыя праявы жыцця прыроды, да выяўлення якіх ён так імкнуўся – свежасць і непасрэднасць, святло і паветра, дынаміка і спакой.
У творчасці Івана Сямёнавіча Дмухайлы ёсць нешта сапраўднае, харызматычнае, здольнае і сёння ўцягнуць гледача на эмацыйным узроўні ў свет, створаны маэстра на сваіх палотнах…
Выстава працягнецца па 8 снежня.
Куратары выставы: старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ ст. Юлія Загорская; сакуратар: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ ст. Наталля Сяліцкая.